шывыя локаны і фальшывыя бровы і паказваючы фальшывыя зубы, — у гэтым садзе… як ён называецца… Я заўсёды забываюся гэтыя жахлівыя назвы… І вы можаце прабыць тут дзень і не натхніцца ўсёй душой і ўсёй сваёй істотай, аглядаючы Прыроду, удыхаючы арамат, — прадаўжала місіс Ск'ютон, шамочучы насавой хустачкай, ад якой пахла выклікаючымі ваніты духамі, — арамат яе чыстага дыхання, страшыдла?
Супярэчнасць паміж словамі, поўнымі маладога энтузіязма, і безнадзейна вялым тонам місіс Ск'ютон была наўрад ці менш прыкметнай, чым супярэчнасць паміж яе ўзростам, — прыкладна гадоў пад семдзесят, — і яе туалетам, які не падыходзіў-бы і ў дваццаць сем гадоў. Яе поза ў крэсле на калёсах (якую яна ніколі не мяняла) была той самай, у якой яе намаляваў у калясцы, гадоў пяцьдзесят таму назад, модны ў той час мастак, які падмахнуў пад друкаваным узнаўленнем малюнка імя «Клеапатра»[1], у выніку адкрыцця, зробленага крытыкамі тых часоў, нібы яна вельмі падобна да гэтай царыцы, якая поўляжыць на барту сваёй галеры. Місіс Ск'ютон была тады красуняй, і франты за яе здароўе асушвалі бакалы дзюжынамі. Прыгажосць і каляска асталіся ў мінулым, але позу яна захавала і спецыяльна для гэтага трымала крэсла на калёсах і бадлівага пажа, бо, апрача позы, не было аніякіх падстаў, якія перашкаджалі-б ёй хадзіць.
— Спадзяюся, містэр Домбі — паклоннік Прыроды? — заўважыла місіс Ск'ютон, папраўляючы брыльянтавую брош.
— Мой сябра Домбі, пані, — адазваўся маёр, — можа і пакланяецца ёй патаемна, але чалавек, які займае такое выдатнае месца ў найвялікшым з гарадоў сусвету…
— Няма нікога, хто-б не ведаў аб велізарным уплыве містэра Домбі, — сказала місіс Ск'ютон.
Калі містэр Домбі адказаў на камплімент паклонам, больш маладая лэдзі паглядзела на яго і сустрэла яго позірк.
— Вы тут жывеце, пані? — звярнуўся да яе містэр Домбі.
— Не, мы жылі ў розных месцах, у Харагейце, Скарборо і ў Дэваншыры. Мы раз'язджалі і спыняліся то тут, то там. Мама любіць перамену.
— На мяне ўзводзяць паклёп. Аб адной толькі перамене, містэр Домбі, я сапраўды мару, — з манерным уздыхам прагаварыла місіс Ск'ютон, — і думаю, што мне ніколі не дазволяць ёю нацешыцца. Грамадства не дазволіць. Але адзінота і сузіранне — вось для мяне… як гэта называецца…
— Калі вы маеце на ўвазе рай, мама, то так і скажыце, каб вас маглі зразумець, заўважыла маладая лэдзі.
— Любая Эдзіт, — адазвалася місіс Ск'ютон, — вам вядома, што я цалкам залежу ад вас, калі маю патрэбу ў гэтых агідных наз-
- ↑ Клеапатра — егіпецкая царыца (І ст. да н. э.), якая вызначалася надзвычайнай прыгожасцю. Дыкенс высмейвае ўродлівую старую місіс Ск'ютон, параўноўваючы яе з царыцай Клеапатрай.