Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

канец падарожжа, і такім мог быць канёц усяго — такі ён пагубны і страшны.

Думаючы толькі аб адным, ён як і раней бачыў перад сабою адну бязлітасную пачвару. Усе прадметы паглядалі панура, холадна і мёртва на яго, а ён — на іх. Ва ўсім ён знаходзіў напамінак аб сваім няшчасці. Усё выступала, несумленна насміхаючыся з яго, і раздражняла і закранала яго гордасць і рэўнасць, якую-б форму не набывала, — і больш за ўсё, калі яно падзяляла з ім любоў да яго памёршага хлопчыка і памяць аб ім.

Быў адзін твар — Домбі пазіраў на яго ў мінулую ноч і твар пазіраў на яго вачыма, якія чыталі ў яго душы, хоць яны і былі затуманены слязмі, і хоць іх адразу закрылі дрыготныя рукі, — твар, які часта з'яўляўся ў яго ўяўленні ў часе гэтай паездкі. Ён бачыў яго такім, як у мінулую ноч, нясмела ўпрошваючым. Ён не быў дакорлівым, але ў ім было нейкае сумненне, бадай, слабая надзея, якая нагадвала дакор, калі ён убачыў, як гэты дакор згаснуў, саступіў месца безуцешнай упэўненасці ў яго непрыязні. Яму непрыемна было думаць пра твар Фларэнс.

Ці таму, што ён адчуў нейкія згрызоты? Не. Але таму, што пачуццё, абуджанае гэтым тварам, якое ён няясна адгадваў раней, цяпер зусім сфармавалася і канчаткова акрэслілася, празмерна яго хвалюючы і пагражаючы ўзмацніцца і парушыць яго роўнавагу.

Таму, што гэты твар быў на кожным кроку, ва ўсіх паражэннях і ганеннях, якія, здавалася, акружалі яго, як паветра.

Таму, што ў глыбіні душы ён вельмі добра ведаў, калі, стоячы тут, афарбоўваў мільгаючыя сцэны ў хваравітыя таны сваіх уласных думак і ператвараў іх у карціну пагібелі і разбурэння, а не добратворнай перамены і надзеі на лепшую будучыню, — ведаў, што да яго нараканняў смерць мела такія-ж адносіны, як і жыццё. Адно дзіця памерла, і адно дзіця асталося. Чаму адабраны той, на каго ён ускладаў надзеі, а не яна?

Любы, ціхі, смірны твар, які паўставаў перад яго ўяўленнем, не выклікаў у яго ніякіх іншых думак. Яна была не жаданай яму з самага пачатку; цяпер яна ўзмацняла яго горыч. Калі-б сын быў адзіным яго дзіцем і каб паразіў яго той-жа ўдар, гэта цяжка было-б вытрываць, але ўсё-ж бясконца лягчэй, чым цяпер, калі ўдар мог паразіць яе (якую ён мог або думаў, што можа, страціць бязбольна) і не паразіў. Яе поўны любові нявінны твар, павернуты да яго, не змякчаў і не гарнуў яго да яе. Яе цярплівасць, дабрата, юнасць, адданасць, любоў былі падобны да пылінак попелу, які ён таптаў нагамі.

Вакол сябе, у пагібелі і змроку, ён бачыў яе вобраз, які не асвятляў, але згушчаў цемру. Не аднойчы ў часе гэтага падарожжа і цяпер зноў, у канцы яго, калі ён стаяў, ахоплены задуменнем, вырысоўваючы палкай узоры на пяску, у яго прамільгала думка, чым мог-бы ён засланіцца ад гэтага вобраза.

206