Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і равеннем і грукатам, па палях, лясах, засевах, паплавах, праз мел, праз чарназём, праз гліну, праз камень, міма рэчаў, што былі блізка, амаль пад рукою і заўсёды вышмыгалі ад падарожніка, тады як падманлівая далячынь вечна рушыць павольна разам з ім, нібы па слядах бязлітаснай пачвары, Смерці!

Па нізінах, па ўзгорках, міма пустэч, міма фруктовых садоў, міма паркаў, праз каналы і рэкі, туды, дзе пасуцца авечкі, дзе шуміць млын, дзе плыве баржа, дзе мерцвякі ляжаць, дзе дыміцца завод, дзе струменіць паток, дзе размешчана вёска, дзе ўзвышаецца гіганцкі сабор, дзе разляглася верасавая пустэча, а шалёны вецер, па капрызнай волі, прыгладжвае яе або ўскудлачвае, — удалячынь, са скрыгатам і равеннем і грукатам пакідаючы за сабою толькі пыл і пар, нібы па слядах бязлітаснай пачвары, Смерці.

Насустрач ветру і святлу, ліўню і сонечным праменням, удалечыню і ўдалечыню ён імчыцца і грукоча, шалёны і шпаркі, плаўны і ўпэўнены, і вялізныя насыпы, і масіўныя масты, па якіх ён праносіцца, мільгаюць перад вачыма і пасля знікаюць удалечыню і ўдалечыню, уперад і вечна ўперад — мільгаюць катэджы, дамы, замкі, маёнткі, фермы і заводы, людзі, дарогі і сцежкі, з выгляду такія пустэльныя, маленькія, нікчэмныя, калі пакідаеш іх ззаду, — ды і сапраўды яны такія, — што, апрача мільганняў, можа быць на шляхах неўгамаванай пачвары, Смерці?

Удалечыню, са скрыгатам і равеннем і грукатам, зноў ныраючы ў зямлю і прабіваючыся ўперад з такой шалёнай энергіяй і напорам, што ў змроку і віхуры рух здаецца адваротным і шалёна скіраваным назад, пакуль прамень святла на вільготнай сцяне не пакажа яе паверхні, што пралятае міма, нібы нястрымны паток. Удалечыню, зноў у дзень і скрозь дзень, з прарэзлівым радасным крыкам, равучы, грукочучы, імчучыся ўперад, раскідаючы ўсё сваім цёмным дыханнем, затрымліваючыся на хвіліну там, дзе сабраўся натоўп, якога праз хвіліну ўжо няма, прагна глытаючы ваду, — і перш чым насос, які поіць, перастане сеяць кроплі на зямлю, — скрыгочучы, равучы, грукочучы праз пурпуравую далячынь.

Мацней і мацней ён гудзе і скрыгоча, пакуль няўхільна імчыцца ўперад да сваёй мэты, і шлях яго, нібы шлях Смерці, густа пасыпан попелам. Вакол усё пачарнела. Цёмныя лужыны, брудныя завулкі і ўбогія дамы дзесьці там, унізе. Зазубраныя сцены і старыя халупы тут, блізка, і праз дзіравыя дахі і праз разбітыя вокны відаць бедныя пакоі, дзе знайшлі сабе прытулак галеча і ліхарадка, а дым, награмоджаныя дахі, косыя коміны, вапна і цэгла, што замкнулі ўродлівасць цела і духа, засланяюць пахмурную далячынь. Калі містэр Домбі паглядае з акна вагона, у яго не мільгае думка аб тым, што пачвара, якая прывезла яго сюды, толькі асвятліла ўсю гэту карціну, а не стварыла і не паслужыла прычынай яе ўзнікнення. Гэта быў належны

205