Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сама місіс Чык на секунду страціла спакойнасць, якою так ганарылася, і была маўклівая, пазіраючы на прыгожы юны твар, які так доўга, так упарта і цярпліва быў павернуты да маленькага ложка. Але, апамятаўшыся, яна адказала паважна:

— Фларэнс, дарагое маё дзіця, ваш няшчасны тата бывае крыху дзіўным, і пытацца ў мяне пра яго значыць распытваць аб прадмеце, разумець які я не бяруся. Мне здаецца, я маю на вашага тату больш моцны ўплыў, чым хто-небудзь іншы. Аднак, я толькі магу сказаць, што ён гаварыў са мной вельмі мала і што я бачыла яго ўсяго разы два і кожны раз не больш адной хвіліны, ды і тады я амаль яго не бачыла, бо ў яго ў пакоі цёмна. Я сказала вашаму тату: «Поль! — вось дакладна, як я яму сказала. — Поль! Чаму вы не прымеце якога-небудзь узбуджаючага сродку?» Ваш тата нязменна адказваў: «Луіза, будзьце ласкавы пакінуць мяне. Мне нічога не патрэбна. Мне лепш пабыць аднаму». Лукрэцыя, калі-б заўтра мяне прымусілі прысягнуць перад суддзёй, — прадаўжала місіс Чык, — не сумняваюся, што я не спынілася-б перад тым, каб клятвай паўтарыць гэтыя самыя словы.

Міс Токс выказала сваё захапленне, сказаўшы:

— Мая Луіза заўсёды метадычная!

— Адным словам, Фларэнс, — прадаўжала цётка, — мы з вашым бедным татам амаль што не размаўлялі, аж да сёнешняга дня, калі я паведаміла вашаму тату, што сэр Барнет і лэдзі Скетлс прыслалі надзвычай прыязную запіску… Наш ненаглядны хлопчык! Лэдзі Скетлс любіла яго, як… Дзе мая насавая хустачка?

Міс Токс падала хустачку.

— Надзвычай прыязную запіску, прапаноўваючы, каб вы наведалі іх з мэтай перамяніць абстаноўку. Заўважыўшы вашаму тату, што, на маю думку, міс Токс і я можам вярнуцца цяпер дадому (з чым ён зусім згадзіўся), я запыталася, ці не будуць ў яго якія-небудзь пярэчанні супроць таго, каб вы прынялі гэтае запрашэнне. Ён сказаў: «Няма, Луіза, ніякіх!»

Фларэнс узняла заплаканыя вочы.

— Але калі, Фларэнс, вам больш хочацца астацца тут, чым пагасцяваць там або паехаць са мною…

— Мне-б гэтага значна больш хацелася, цёця, — быў ціхі адказ.

— У такім разе, дзіця, — сказала місіс Чык, — рабіце, як хочаце. Я павінен сказаць, што гэта дзіўны выбар. Але вы заўсёды былі дзіўнай. Здавалася-б, што ў вашым узросце і пасля таго, што здарылася, любая мая міс Токс, я зноў згубіла насавую хустачку, кожны быў-бы рад паехаць адсюль.

— Мне-б не хацелася думаць, — сказала Фларэнс, — што, гэтага дому стараюцца ўнікаць. Мне-б не хацелася думаць, што пакоі яго… пакоі наверсе астаюцца пустымі і панурымі, цёця. Я палічыла-б за лепшае астацца цяпер тут. О, мой брат! Мой брат!

179