Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта быў натуральны ўзрыў пачуццяў, які нельга перамагчы; і яны прарваліся-б нават праз пальцы рук, якімі яна закрыла твар.

— Ну, што-ж, дзіця! — памаўчаўшы, заўважыла місіс Чык. — Ні ў якім выпадку не хацела-б я сказаць вам што-небудзь няласкавае, і я ўпэўнена, што вы гэта ведаеце. Такім чынам, вы астанецеся тут і будзеце рабіць, як вам захочацца. Ніхто не будзе ўмешвацца ў вашы справы, Фларэнс, і я ўпэўнена, што ніхто і не захоча ўмешвацца.

Фларэнс кіўнула галавой, у смутку згаджаючыся.

— Не паспела я заўважыць беднаму вашаму тату, што варта было-б яму шукаць забавы і аднавіць сілы, часова перамяніўшы абстаноўку, — прадаўжала місіс Чык, — як ён сказаў мне, што рашыў ужо выехаць ненадоўга з горада. Дапраўды, я спадзяюся, што ён паедзе вельмі хутка. Чым хутчэй, тым лёпш. Але, здаецца, патрэбна штосьці ўладзіць у сувязі з асабістымі яго паперамі, у выніку таго няшчасця, якое так усхвалявала ўсіх нас, — зразумець не магу, што здарылася з маёй хустачкай; Лукрэцыя, дайце мне сваю, мая любая, — і гэтым ён будзе займацца адзін-два вечары ў сваім пакоі. Ваш тата, дзіця, — самы сапраўдны Домбі, які толькі можа быць, — сказала місіс Чык, з вялікай стараннасцю выціраючы вочы ражкамі хустачкі міс Токс. — Ён зробіць намаганне. За яго можна не баяцца.

— Ці магла-б я, цёця, — дрыжучы, запыталася Фларэнс, — што-небудзь зрабіць, каб…

— Ах, божа мой, дарагое маё дзіця, — хутка перабіла місіс Чык, — аб чым вы гаворыце? Калі ваш тата сказаў мне — я вам перадала дакладныя яго словы: «Луіза, мне нічога не патрэбна; мне лепш пабыць аднаму», — як вы думаеце, што сказаў-бы ён вам? Вы не павінны яму паказвацца на вочы, дзіця. Нельга і думаць пра гэта.

— Цёця, — сказала Фларэнс, — я пайду лягу.

Місіс Чык ухваліла гэтае рашэнне і пусціла яе, пацалаваўшы некалькі разоў на дарогу. Але міс Токс, нібы для пошукаў згубленай насавой хустачкі, паднялася ўслед за ёю наверх і паспрабавала, залучыўшы некалькі хвілін, усцешыць яе, не зважаючы на зусім непахвальныя адносіны С'юзен Ніпер. Бо міс Ніпер, у гарачай заўзятасці, пагардліва гаварыла пра міс Токс, як пра кракадзіла; аднак, яе спачуванне здавалася шчырым і адрознівалася той перавагай, што было бескарыслівае, — такім шляхам бадай ці можна было заслужыць прыхільнасць.

І няўжо не было нікога бліжэйшага і даражэйшага, як С'юзен, каб умацаваць сэрца, змучанае тугою? Нікога, ніводнага чалавека, да якога ёй можна было-б павярнуць свой твар, каго можна было-б абняць? Нікога, хто знайшоў-бы спагадлівае слова для такога глыбокага смутку? Няўжо Фларэнс была такая адзінокая ў жорсткім свеце, што больш ёй нічога не аставалася? Нічога! Страціўшы адразу матку і брата, — бо са стратай

180