свой абед, адсунуў нож і відэлец, падаў жонцы чапец і хустку, якія віселі за дзвярыма, пасля хлопнуў яе па спіне і прагаварыў з бацькаўскім пачуццём, але лаканічна:
— Полі! Ідзіце!
Такім чынам яны вярнуліся да карэты значна раней, чым думаў фурман, і Уолтэр, пасадзіўшы С'юзен і місіс Рычардс, сам заняў месца на козлах, каб не было больш ніякіх памылак, і шчасліва давёз іх да вестыбюля дома містэра Домбі, дзе, між іншым, заўважыў вялікі букет, які нагадваў яму той, што купіў разам з ім раніцой капітан Катль. Ён-бы з ахвотай астаўся даведацца пра маленькага хворага і чакаў-бы колькі трэба, каб хоць чым-небудзь дапамагчы, але да болю разумеючы, што такія паводзіны здадуцца містэру Домбі саманадзейнымі і дзёрзкімі, ён пайшоў павольна, у смутку, з трывогай. Не прайшло і пяці хвілін пасля яго адыходу, калі яго дагнаў чалавек, што бег за ім, і папрасіў вярнуцца. Уолтэр шпарка павярнуў назад і з цяжкімі прадчуваннямі ўвайшоў у пануры дом.
РАЗДЗЕЛ XVI
Аб чым заўсёды гаварылі хвалі.
Поль больш не ўставаў са сваёй пасцелькі. Ён ляжаў вельмі спакойна, прыслухоўваючыся да шуму на вуліцы, мала клапоцячыся пра тое, як ідзе час, але сочачы за ім і сочачы за ўсім навакол пільным позіркам.
Калі сонечныя праменні ўрываліся ў яго пакой праз шалахлівыя шторы і струменілі на процілеглай сцяне, як залатая вада, ён ведаў, што набліжаецца вечар і што неба барвянае і прыгожае. Калі водбліскі патухалі і пракрадаўся змрок, падымаючыся па сцяне, ён сачыў, як гэты змрок згушчаецца, згушчаецца, згушчаецца ў ноч. Тады ён думаў пра тое, як усеяны ліхтарамі доўгія вуліцы і як свецяць уверсе ціхія зоркі. У яго была нейкая дзіўная схільнасць разважаць пра раку, якая, як яму было вядома, працякала праз вялікі горад і цяпер ён думаў пра тое, якая яна чорная і якой яна здаецца глыбокай, адлюстроўваючы россыпы зорак, і больш за ўсё пра тое, як няўхільна коціць яна свае воды насустрач акіяну.
Па меры таго, як насоўвалася ноч і крокі на вуліцы былі чутны так рэдка, што ён мог расслухаць іх набліжэнне, лічыць іх, калі яны рабіліся павольнымі, і губляць у глухім аддаленні, ён ляжаў і сачыў за шматкаляровым кальцом вакол свечкі і цярпліва чакаў дня. Толькі шпаркая і імклівая рака выклікала ў яго неспакой. Іншы раз ён адчуваў, што павінен паспрабаваць спыніць яе — стрымаць сваімі дзіцячымі руч-