Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

камі або перагарадзіць ёй шлях пяском, і калі ён бачыў, што яна насоўваецца, непераможная, ён ускрыкваў. Але досыць было Фларэнс, якая заўсёды знаходзілася каля яго, сказаць адно слова, каб небарака апамятаўся і, прытуліўшы сваю галоўку да яе грудзей, ён расказваў Флой пра свой сон і ўсміхаўся.

Калі пачынала днець, ён чакаў сонца, і калі, яркае яго святло пачынала іскрыцца ў пакоі, ён уяўляў сабе — не, не ўяўляў! ён бачыў — высокія званіцы, што ўздымаліся да ранішняга неба, горад, які ажываў, абуджаўся і зноў пачынаў жыццё, раку, якая зіхацела і каціла свае хвалі (але каціла ўсё з тою-ж хуткасцю), і палі, асвежаныя расою. Знаёмыя гукі і крыкі пачыналі паступова раздавацца на вуліцы; слугі ў доме прачыналіся і мітусіліся; твары заглядалі ў пакой, і галасы ціхенька пыталіся ў тых, хто даглядаў яго, як ён сябе адчувае. Поль заўсёды адказваў сам:

— Мне лепш. Мне значна лепш, дзякую вам! Перадайце гэта тату!

Паступова ён стамляўся ад мітусні дня, ад шуму экіпажаў, фурманак і людзей, якія снавалі ўзад і ўперад, і засынаў, або зноў яго бянтэжыла неспакойная і трывожная думка — хлопчык бадай ці мог сказаць, было тое ў сне ці ў сапраўднасці — думка аб гэтай імклівай рацэ.

— Ах, няўжо яна ніколі не спыніцца, Флой? — пытаў іншы раз ён. — Мне здаецца, што яна мяне зносіць.

Але Флой заўсёды ўмела ўгаварыць яго і супакоіць; і кожны дзень ён радаваўся, прымушаючы яе апусціць галаву на яго падушку і адпачыць.

— Вы заўсёды даглядаеце мяне, Флой. Цяпер дайце мне дагледзець вас!

Яго абкладалі падушкамі ў кутку ложка, і ён сядзеў адкінуўшыся на іх, у той час калі яна ляжала ля яго, часта нахіляўся, каб пацалаваць яе, і шэптам гаварыў тым, хто з імі быў, што яна змарылася і як яна дбала пра яго столькі начэй.

Так, паступова, згасаў дзень, гарачы і ясны, і залатая вада зноў струменіла па сцяне.

Яго наведвалі тры важныя дактары — звычайна яны сустракаліся ўнізе і разам падымаліся наверх, — і ў пакоі было так ціха, а Поль так пільна сачыў за імі (хоць ён ніколі і ні ў каго не пытаўся, аб чым яны гавораць), што нават адрозніваў ціканне іх гадзіннікаў. Але ўвага яго сканцэнтроўвалася на сэры Паркеры Пепсе, які заўсёды садзіўся на край яго ложка. Бо Поль чуў, як гаварылі, даўна-даўно, што гэты джэнтльмен быў пры яго маме, калі яна абвіла рукамі Фларэнс і памерла. І ён не мог забыць пра гэта. Ён любіў яго за гэта. Ён не баяўся.

164