разам накіраваліся наверх; сэр Барнет Скетлс клапаціўся аб Фларэнс, а юны Барнет ішоў за імі.
Юны Барнет нядоўга быў на заднім плане пасля таго, як яны ўвайшлі ў гасціную, бо доктар Блімбер у адну хвіліну высунуў яго, прымусіўшы танцаваць з Фларэнс. Поль не заўважыў, каб той быў асабліва шчаслівым або праяўляў што-небудзь, апрача панурасці і слабай зацікаўленасці сваім заняткам; але з той прычыны, што Поль чуў, як лэдзі Скетлс сказала місіс Блімбер, якая адбівала такт веерам, што яе любаму хлопчыку вельмі спадабаўся гэты анёл міс Домбі, то, як відаць, Скетлс малодшы быў у стаче вялікага шчасця, зусім не выяўляючы гэтага.
Маленькі Поль угледзеў дзіўны збег акалічнасцей у тым, што ніхто не заняў яго месца сярод падушак; і калі ён вярнуўся ў пакой, усе, памятаючы, што гэта месца належыць яму, расступіліся, даючы яму магчымасць зноў яго заняць. І ніхто не спыняўся перад ім, калі заўважылі, як прыемна яму бачыць Фларэнс сярод танцуючых, а наадварот, усе вызвалілі перад ім месца, каб ён мог увесь час сачыць за ёю. Яны былі такімі добрымі — нават незнаёмыя яму людзі, якіх хутка паявілася вельмі многа, — што адзін за другім падыходзілі і пачыналі з ім размаўляць, пыталіся, як ён сябе адчувае, ці не баліць яму галава і ці не змарыўся ён. Ён быў ім вельмі ўдзячны за ўсю іх дабрату і ўвагу і, прыхіліўшыся да падушак у сваім кутку на канапе, дзе таксама сядзелі місіс Блімбер і лэдзі Скетлс, назіраў і быў вельмі шчаслівы; Фларэнс прыходзіла і падсядала да яго пасля кожнага тура.
Фларэнс сядзела-б з ім увесь вечар і лепш-бы зусім не танцавала, але Поль прымусіў яе, сказаўшы, як гэта яму прыемна. І ён сказаў праўду, бо сэрцайка яго расшыралася і твар гарэў, калі ён бачыў, як усе ёю любуюцца і якой цудоўнай кветкай была яна ў гэтым пакоі.
Са свайго гняздзечка сярод падушак Поль мог бачыць і чуць амаль усё, што адбывалася, нібы ўсё гэта рабілася для яго забаў.
Неяк, у часе перапынку ў танцах, лэдзі Скетлс сказала Полю, што ён, мусіць, вельмі любіць музыку. Поль адказаў, што любіць; і калі і яна яе любіць, то варта было-б ёй паслухаць, як спявае яго сястра Фларэнс. Лэдзі Скетлс адразу-ж адчула, што памірае ад жадання атрымаць гэту прыемнасць; і хоць Фларэнс спачатку была вельмі перапалохана прапановай спяваць у прысутнасці вялікай колькасці гасцей і настойліва прасіла вызваліць яе ад гэтага, аднак, калі Поль паклікаў яе і сказаў: «Праспявайце, Флой! Калі ласка! Для мяне, мая дарагая!», яна падышла да фортэпіяна і заспявала. Калі ўсе адступіліся ў бок, каб Поль мог яе бачыць, і калі ён убачыў, як яна стаіць там адна, такая юная, добрая, прыгожая і поўная любові да яго, і пачуў, як яе