бліскучых зубоў, бездакорная форма якіх і белізна дзейнічалі сапраўды прыгнятальна. Нельга было не звярнуць на іх увагі, бо, размаўляючы, ён іх заўсёды паказваў і ўсміхаўся такой шырокай усмешкай (хоць гэтая ўсмешка вельмі рэдка расплывалася па твары за межамі рота), што было ў ёй штосьці, што нагадвала ашчэраныя зубы ката. Яму падабаліся тугія белыя гальштукі, па прыкладу свайго патрона, і ён заўсёды быў зашпілены на ўсе гузікі і апрануты ў вельмі шчыгульны касцюм. Яго манера абыходжання з містэрам Домбі была глыбока прадумана і вельмі добра выконвалася. Ён быў фамільярны з ім, рэзка падкрэсліваючы адлегласць, што была паміж імі. «Містэр Домбі, у адносінах да чалавека вашага становішча з боку чалавека майго становішча ніякія знакі пашаны, сумяшчальныя з нашымі дзелавымі зносінамі, я не лічу дастатковымі. Скажу вам адкрыта, сэр, я канчаткова ад гэтага адмаўляюся. Я адчуваю, што не мог-бы задаволіць самаго сябе, і, бачыць неба, містэр Домбі, вы можаце пазбавіць мяне ад такіх намаганняў». Калі-б гэтыя словы былі надрукаваны на афішы і ён насіў іх на грудзях свайго сурдута, так што містэр Домбі ў любы момант мог іх прачытаць, ён не мог-бы выказаць ясней тое, што выказалася яго паводзінамі.
Такі быў Каркер, загадчык канторы. Містэр Каркер-малодшы, сябра Уолтэра, быў яго братам, на два-тры гады старэй за яго, але бясконца ніжэй па сваім становішчы. Месца малодшага брата было на верхняй ступеньцы службовай лесвіцы; месца старэйшага — на ніжняй. Старэйшы брат ніколі не падымаўся на наступную ступеньку і не падымаў на яе нагі. Маладыя людзі праходзілі над яго галавой і падымаліся вышэй і вышэй; але ён заўсёды быў унізе.
— Як вы адчуваеце сябе сёння? — сказаў аднойчы містэр Каркер-загадчык, уваходзячы з кіпай папер у руцэ ў кабінет містэра Домбі неўзабаве пасля яго прыезду.
— Як маецеся, Каркер? — сказаў містэр Домбі, падымаючыся з крэсла і становячыся спіною да каміна. — Ёсць у вас тут што-небудзь для мяне?
— Не ведаю, ці ёсць сэнс вас турбаваць, — адазваўся Каркер, перабіраючы паперы. — Сёння ў тры ў вас паседжанне камітэта, як вам вядома.
— І другое — без чвэрці чатыры, — дадаў містэр Домбі.
— Ніколі-ж вы ні на што не забываецеся! — усклікнуў Каркер, усё яшчэ перабіраючы свае паперы: — Калі ў майстра Поля будзе ваша памяць, то неспакойнай асобай будзе ён для фірмы. Досыць аднаго такога, як вы.
— У вас таксама добрая памяць, — сказаў містэр Домбі.
— О! У мяне! — адказваў загадчык. — Гэта адзіны капітал у такога чалавека, як я.