Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пасыльны, калі толькі не адсутнічаў па справе, заўсёды дагодліва бег уперад, каб расчыніць шырэй дзверы ў кантору перад містэрам Домбі і, стоячы з голай галавой, прытрымліваць іх пакуль той уваходзіў.

Клеркі ў канторы ніколькі не адставалі ў праяўленні пачцівасці; калі містэр Домбі праходзіў праз першы пакой, то рабілася ўрачыста ціха.

Калі Перч, рассыльны, які, нібы гадзіннік, займаў месца на маленькай падстаўцы, бачыў уваходзячага містэра Домбі — або, правільней, калі адчуваў, што той уваходзіць, бо ён заўсёды чуццём адгадваў яго набліжэнне, — ён кідаўся ў пакой містэра Домбі, раздуваў агонь, даставаў вуглі з нетраў вугальнай скрынкі, вешаў на камінную рашотку газету, каб прасушыць яе, прысоўваў крэсла, ставіў на месца экран[1] і крута паварочваўся ў момант з'яўлення містэра Домбі, каб узяць ад яго пальто і капелюш і павесіць іх. Затым Перч браў газету, разы два паварачваў яе перад агнём і пачціва клаў ля локця містэра Домбі.

Ад містэра Домбі да свету простых смяротных, — паколькі да гэтага свету быў доступ праз першы пакой, на які прысутнасць містэра Домбі ў яго ўласным кабінеце дзейнічала, калі можна так сказаць, як сырое або халоднае паветра, — вялі дзве ступенькі. Містэр Каркер, у сваім кабінеце, быў першай ступенькай, містэр Морфін, у сваім кабінеце, бы другой. Кожны з гэтых джэнтльменаў займаў пакойчык велічынёю з ванную, які выходзіў у карыдор, куды адчыняліся дзверы містэра Домбі. Містэр Каркер, як Вялікі Візір[2], знаходзіўся ў пакоі, бліжэйшым да Султана[3]. Містэр Морфін, як чыноўнік больш нізкага рангу, знаходзіўся ў пакоі, бліжэйшым да клеркаў.

Апошні з памянёных джэнтльменаў быў бадзёры пажылы халасцяк з карымі вачыма. Яго цёмныя валасы на галаве былі толькі дзе-ні-дзе закрануты крупінкамі сівізны, нібы яе расплёскаў паважна ідучы час, хоць бакенбарды ў яго былі ўжо зусім сівыя. Ён вельмі паважаў містэра Домбі і аддаваў яму належную пашану; але з прычыны таго, што сам ён быў вясёлага характару і заўсёды адчуваў сябе нялоўка ў прысутнасці гэтай важнай асобы, то зусім не зайздросціў шматлікім гутаркам, якімі цешыўся містэр Каркер, і адчуваў патаемнае здавальненне ад таго, што па характары сваіх абавязкаў вельмі рэдка заслугоўваў такой адзнакі. Ён па-свойму быў вялікім аматарам музыкі — пасля службы; і адчуваў бацькаўскую прывязанасць да сваёй віаланчэлі.

Містэр Каркер быў джэнтльмен гадоў трыццаці васьмі-сарака, з прыгожым колерам твара і двума беззаганнымі радамі


  1. Экран — у даным выпадку шчыт, які ахоўвае ад яркага святла.
  2. Візір — ва ўсходніх краінах — міністр.
  3. Султан — тытул мусульманскіх манархаў.

127