Перайсці да зместу

Старонка:Домбі і сын.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

майму сябру Джылсу многа соцень фунтаў. Далейшыя падрабязнасці, калі хочаце, сам на сам.

— Людзі, якім так цяжка самім утрымацца на нагах, — сказаў містэр Домбі, не звяртаючы ўвагі на таямнічыя знакі капітана за спіной Уолтэра і па-ранейшаму пазіраючы на сына, — павінны абмяжоўвацца ўласнымі абавязацельствамі і цяжкасцямі і не павялічваць іх, паручаючыся за другіх. Поль, падыйдзіце сюды!

Хлопчык паслухаўся, і містэр Домбі пасадзіў яго да сябе на калені.

— Калі-б цяпер у вас былі грошы... — сказаў містэр Домбі. — Глядзіце на мяне!

Поль, які пераводзіў позірк з сястры на Уолтэра, паглядзеў у твар бацьку.

— Калі-б цяпер у вас былі грошы, — сказаў містэр Домбі, — такая сума, пра якую гаварыў малады Гэй, што-б вы зрабілі?

— Аддаў-бы іх яго дзядзю, — адказваў Поль.

— Пазычылі-б іх яго старому дзядзю, так? — паправіў містэр Домбі. — Ну, што-ж! Вам вядома, што, калі вы падрасцеце, вы будзеце ўладаць разам са мною маімі грашыма, і мы будзем распараджацца імі разам.

— Домбі і Сын, — перапыніў Поль, якога рана навучылі гэтай фразе.

— Домбі і Сын, — паўтарыў бацька. — Ці не хацелі-б вы пачаць сёння-ж быць Домбі і Сынам і пазычыць дзядзю маладога Гэя.

— О, прашу вас, тата! — сказаў Поль. — Гэтага хацела-б і Фларэнс.

— Дзяўчынкі, — сказаў містэр Домбі, — не маюць ніякіх адносін да Домбі і Сына. Вы-б гэтага хацелі?

— Так, тата, так!

— У такім разе вы гэта зробіце, — адказаў бацька. — І вы бачыце, Поль, — дадаў ён, панізіўшы голас, — якія магутныя грошы і як людзі прагнуць іх атрымаць. Малады Гэй едзе сюды прасіць грошай, а вы, такі шчодры і благародны, таму што ў вас ёсць грошы, збіраецеся даць яму іх у выглядзе вялікай міласці і ласкі.

Поль на секунду падняў старэчы твар, які ясна выказваў, што ён разумее сэнс яго слоў; але гэты твар адразу зрабіўся вясёлым і дзіцячым, калі ён саслізнуў з кален бацькі і пабег сказаць Фларэнс, каб яна больш не плакала, таму што ён зробіць так, каб малады Гэй атрымаў грошы.

Пасля містэр Домбі падышоў да стала, які стаяў ля сцяны, напісаў запіску і запячатаў. У гэты час Поль і Фларэнс перашэптваліся з Уолтэрам, а капітан Катль глядзеў на іх з прамяністай усмешкай, аддаючыся так ганарлівым і бясконца самаўпэўненым думкам, што містэр Домбі ніколі-б гэтаму не паве-

99