Гэта старонка не была вычытаная
III
О, вечар, мой вечар зялёны,
у слове хвалююцца хвалі!
Поэту тры стройныя клёны
пад шаты свае захавалі.
Залоцяць сутоньне лістамі,
краса іх з зарою асеньняй.
Як брацьця, плеч-поплеч пасталі, —
сягоньня ёсьць іх ўваскрасеньне.
Кастальскай крыніцы ня маем,
няма й златагрывых Пэгасаў, —
а песьні аквечаны маем,
а песьні ніколі ня гаснуць.
Жыцьцё іх — нядоля ліхая,
цярнёвы вянок Беларусі.
Ўсьміхаюцца зоры над гаем, —
бель-срэбныя ткуцца абрусы.
Плач струнны за сэрца хватае,
ліецца са струн Апалона, —
то лірнік поэту вітае,
заўсёды к яму ён з паклонам.