Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ліся гэтага кандытата на епіскопы, добра ведаючы яго вагу сярод паноў. Не спрачаліся і ня распытваліся, схапілі Гаршка за рукі, дырганулі і павалаклі за чыгунныя кратчатыя варотцы на гаманлівую, бліскучую, звонкую вуліцу.

— Я сам… Я пайду… Я-ж сам іду, — увесь белы ад крыўды і сораму, што ўчынілі над ім гвалт, кундыячаў Гаршчок гарадавым. Тыя маўчалі і цягнулі за рог вуліцы.

Там агоўталіся:

— Ахвота чапацца з імі, — казаў старэйшы. Ну, ты, Баброў, ідзі на пост. Я адзін з ім саўладаю.

Баброў усьміхунўся, зірнуўшы на мізэрную фігурку шабадранага басячугі, і пайшоў.

Старэйшы, Сімановіч, знаў Гаршка яшчэ тады, калі ён быў у ласцы ў архімандрыта (раней, у тую пару — казначэя і потым — рызнічага); цяпер шкадаваў яго.

— Эх, Іване, сказаў ён, — добра я цябе знаю: быў ты й сыты й абуты, у гонару і з грашмі, чаго табе было з імі сварыцца?

У Гаршка кождая жылка дрыжэла.

— А цяпер, Іване, пакінь ты іх і займіся чым-колечы другім, што табе падходзіць, умаўляў гарадавы; — во да чаго дайшоў, — агледзіў ён Гаршка згары да зямлі.