Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хлопчык пачырванеў і ўтупіў вочы.

— Я ня ведаю, — шапарнуў ён.

А Мікола Мартынавіч ня прыехаў, і матка з Аляю зрабілі на другі дзень невялічкую вечарынку.

Пры сустрэчы, паміж слоў, запрасілі Абдзіраловіча, але ён пасьля вячэры забавіўся у лазарэце. У страўні да яго падсеў вайсковы чыноўнік, вядомы латышскі актор мастак, хворы на сухоты, звычайна не гаварлівы надта чалавек. Ён пачаў распытавацца аб учорашнім сходзе беларусаў, запрасіў прапаршчыка да сябе ў палату, частаваў кавуном і вінаградам і даткнуўся яго палітычных паглядаў.

— Вы з пэўнасьцю спачуваеце бальшавіком? — спытаўся ён.

— Не, — адказаў Абдзіраловіч па шчырасьці; — мне ня ймецца веры ў магчымасьць істнаваньня самастойнай ўлады радаў нашага пралетарыята і, наагул, камуністычнага ладу жыцьця. Гэта пакуль утопія.

У таго пайшлі на правай шчацэ плямкі, і ён раптам зьмяніў голас.

— А, та-а-ак, — працягнуў ён: — значацца, я вас ня добра разумеў. Мне пераказавалі, з прыгоды вашага выступу на сходзе, зусім што іншае. Значацца вы за хаўрус з такімі ягамосьцямі, як нашае сіяцельства, каторае, колькі мне ведама, ня дужа, аднак, шануе вашую асобу і не