Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ямін тужлівым і трудлівым зрокам і перабірала зьбялелымі, як белы воск, пальцамі па краюшку коўдры.

Лямпачка тускла мігцела, і ў падвале было нудна. Вася грукаў і барабаніў самаварам ля печы ў парозе. Зрэдку далятаў сюды глухі гул артылерыі і ціхае трашчэньне кулямёта, — як слова вартаўнік круціў кляшчотку. У вакне адбіваўся чырвоны бліск пажарышча.

— А Божа мой, Божа мой! — затужыла ўзноў хворая. Памру во і не пабачу яго. І ты, галубок, ці жыў застанешся, хто ведае. Калі тая завіруха скончыцца? Карпавіч скакаў, скакаў і дастаў сабе больку…

— Заўтра ўраньні скончыцца, — спакойна адказаў Васіль. — Заўтра ўраньні штурм.

— Што-ж гэта за штурм?

— Кінемся ўсе раптам на белых і саб‘ём іх.

— А Божа мой, Божа мой! колька людзей паб‘юць яшчэ. Дай вады. Авохці, сканаець твая матка, Васілёк, скора сканаець. Карпавіч наш, можа, там ужо: пабачымся.

Васіль маўчаў і быў невясёлы.

Стук! Стук! — пачулася, як нехта стукнуў пад дзьвярмі.

Работнік схапіўся за стрэльбу і падбег.

— Хто? — крыкнуў ён.