Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

23

Надыходзіў час змроку — час, у які сяляне зьбіраліся па вёсках на прызбах пагутарыць аб розных справах, а галоўнае — аб паўстанцах, ды аб іх кіраўніку — Муху. У вёсках цяпер ціхая гадзіна.

А лес, са сваёю лахматай, шумлівай душою, жыве… Нейкія цені ўзброеных людзей, накірованыя чыёйсьці моцнай рукою, са ўсіх бакоў ахаплялі лес. Нехта некаму па-за соснамі рыхтуе сьмерць.

Нахіляюць адна да другой сосны, галовы, шапацяць адна аднэй апошнія навіны аб паўстанцах і іх барацьбе.

І мусіць шмат падманьваюць адна адну, бо, зьдзівіўшыся сваім-жа байкам, сосны паважна ківаюць сваймі галовамі.

Цёмна, хоць вока выкалі.

А вось сунуцца людзі. Няма таго, каб паспаць.

Сунуцца. А лес жартуе з людзьмі: то лапай-хвойкай пэцне ім па носе, то падножку карчом падставіць. Людзі тады кідаюцца, стогнуць.

А лес рагоча.

Сунуцца людзі, спатыкаюцца.

Адзін аднаго напалохаўшыся, адскочаць, шчолкнуць са страху затворамі, крыкнуць „хто тут?“ і, пазнаўшы сваіх, ізноў ідуць.

Далёка ў глыб лесу зашлі людзі.

Падышлі да таго месца, дзе днём зямлянка Мухі была, а ўночы — лес ды карчы, і нічога болей ня ўбачыш.

Але нехта, мусіць ведаючы гэта месца, загадаў спыніцца.

І праз хвіліну заляглі на гэтым месцы, прытуліліся, нібы карчы.

А лес аж вушы-хвоі к верху падцягнуў.

Слухае стары ўважна. А потым будзе шопатам усім апавядаць аб тым, што тутака здарылася.

Паляглі людзі — і нібы няма іх.

А з другога боку, па напрамку да зямлянкі, з адрэзамі ды гарматамі ідзе другая грамада.

Гэтыя хлопцы не спатыкаюцца ў лесе, бо яны лес добра ведаюць.

Ідуць хлопцы грамадою, вясёлыя, сьмелыя.

Ідуць хутка, як варочаючыся пасьля вялікай дарогі перад сваёю хатай.

Ідуць…