Хатка зноў маўчыць.
— Агледзіць хатку! — закрычаў Ластоўскі.
Чацьвёра жаўнераў кінуліся выконваць загад афіцэра
Улезшы ў хату, у пакоі на ложку яны ўбачылі сьпячую фігуру.
— Ён тут! — клікнулі жаўнеры і крыху пасунуліся назад.
— Узяць яго жывым ці мёртвым! — загадаў паручнік.
— Здавайся!.. — нібы хто іх рэзаў, крыкнулі жаўнеры.
Надышла жудасная цішыня. Адказу й цяпер ня было. Нарэшце адзін жаўнер рашыўся. Падбегшы к ложку ён адкінуў коўдру. Крык вырваўся з яго грудзей, такі крык, што стаяўшыя навакол яго пачалі ўцякаць. А жаўнер закрычаў таму, што замест чалавека на ложку пад коўдрай ляжаў куль саломы. А калі добра разгледзілі куль саломы, дык заўважылі запіску.
— „Адгэтуль — выбраўся. Прашу прабачэньня, што не дачакаўся вашага прыбыцьця, але можа яшчэ пабачымся. Перадайце маю падзяку начальніку IV баявога вучастку за вячэру! Муха“.
На некалькі хвілін зрабілася ціха. Усё змоўкла. Стары чыноўнік дрыжаў.
Вядзеце яго за мною! — насупіўшыся сказаў Ластоўскі, ткнуўшы пальцам у бок чыноўніка.
Чыноўніка схапілі за каўнер і пацягнулі ў пакой за паручнікам.
— Ну-у… — замычаў Ластоўскі.
Зусім зьбіты з панталыку бацька Насты ня ведае, што тут здарылася і дзе яго дачка й жонка.
— Ну-у? — яшчэ раз запытаўся Ластоўскі. Дык ты вось як, старая карга, і з усяго размаху Ластоўскі ўдарыў старога рукаяткаю рэвольвэра ў галаву.
Абліўшыся крывёю стары зваліўся на падлогу.
— Стаць! — загадаў паручнік. — Стаць, хамская скура, здраднік, ня то — пшэстшэлю, як сабаку!
Стары аднэю рукою трымаў разьбітую галаву, а другою спрабаваў падняцца, але сілы не дазволілі гэтага зрабіць і ён са стогнам ізноў упаў на падлогу.
— Стаць! — яшчэ з большай злосьцю закрычаў паручнік.
Сабраўшы апошнія сілы стары крыху прыпадняўся, але ў гэты час добра накірованы бот Ластоўскага разьбіў яму твар.