Старонка:Два бакі беларускага руху.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У апошніх складаўся зусім абмылены погляд на беларускі нацыянальна-культурны рух, што быццам-бы ён ідзе супроціў пролетарскай культуры й супроціў рэволюцыі. Але, маючы пад сабою гістарычна-няпрыменную падста­ву, беларускі культурна-нацыянальны рух ня мог спыніцца і пашыраючыся браў розныя выгляды і рухаў рознымі выхілясамі, каб абыйсьці й абмінуць су­стрэчныя перашкоды.

Пэўна, гэткія ўмовы застаўлялі беларускі нацыянальна-культурны рух ухіляцца ў адзін бок, зьбірацца ў адно джарало— бач, у тое, якое лілося на млын буржуйна-незалежніцкіх элемэнтаў, у бок варожы комуністычным ідэям.

Гэткім чынам, увачавідкі перад намі, адбылося здарэньне, якое прай­шло без належнага дагляду і атрымала непажаданы выгляд. Гэты непажа­даны выгляд у беларускім нацыянальна-культурным руху— бязумоўна на­расьць з прычын ненормальных, неадпавядаючых яго сутнасьці— час-адчасу будзе памяншацца. Ён праз сілу рэчаў мусіць звужваць сваё ўлоньне, пераліваючыся ў джарало пролетарскай яго часткі. Але гэта звужваньне буржуйна-незалежніцкіх элемэнтаў вымагае аднаго—зьнішчэньня тых умоў, якія ўдобрываюць ім глебу... Пакуль гэтых умоў—задужа багата. І на шкоду, яны не зьменшваюцца, а як-бы, наадварот, замацоўваюцца, апіраючыся на роз­нага выгляду зьменавехаўскія ды эўразійскія ідэі і... на нядбайнасьць з боку комуністычнай партыі.

Бязумоўна, што ўсе гэтыя ўмовы зразу могуць згінуць, калі выявіцца адно—гэта чынныя адносіны да беларускага культурнага руху з боку кому­ністычнай партыі Беларусі. Апошняя ні ў якім чыне не павінна (ды ўжо ня можа) глядзець нядбайна ды ня лічыцца з тым зьявішчам, якое фактыч­на ёсьць плён гістарычнага разьвіцьця.

Апрацаваньне выразнага й цьвёрдага погляду на беларускі нацыяналь­на-культурны рух з боку комуністычнай партыі зробіць аддушыну, ў сьпёр­тым вакол яго паветры і ў хуткім часе магчыме зьяднаць яго далейшае разьвіцьцё ў адным, адпаведным рэволюцыі напрамку.

Тым болей лёгка вырашыць гэта заданьне, што выяўленьне пролетарска-сялянскай сутнасьці ў ім ужо досыць насьпела і пачынае выразна прабівацца, у асобку, у важнейшай яго галіне — літаратуры.

У дзядзіне яе на вачох растуць і шырацца пролетарскія мотывы, глушачы нацыянальны сантымэнталізм і плаксівае народніцтва. Устае й гуртуецца крэпкая сямейка маладых, загартаваных песьняроў-ваяк...

Але што далей літаратуры— там яшчэ шырокія пласты іншае якасьці. І пласты дужа крэпкія. Іх і мажліва павярнуць у патрэбны бок, у бок рэволюцыйнасьці, толькі чынным удзелам у кіраўніцтве беларускім культурным рухам з боку беларускіх комуністых пры выяўленьні да яго сваіх выразных і цьвёрдых адносін з боку комуністычнай партыі Беларусі.

З. Жылуновіч.