Старонка:Два бакі беларускага руху.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гісторыя беларускага нацыянальнага руху цесна сплецена з гісторыяй беларускай культуры. Калі-б хто не дакрануўся апошняй, ён ня можа абыйсь­ці першага. Ды й гэта зразумела: у нацыі, якая доўгія вякі ня знала сябе, ня жыла для сябе, а толькі выпаўняла бесканечную павіннасьць пры­гону то на адных то на другіх захопнікаў, іначай і не магло скласьціся. Гістарычны закон разьвіцьця народаў захапіў беларускую нацыю на аднака­вым узроўні яе культурнага й нацыянальнага асьведамленьня. Гэтаму, пэў­на, пасобіла шмат тое, што сама беларуская нацыя моцаю розных варункаў на працягу доўгіх вякоў хавала свае сокі ў адным монолітным стане—ста­не малазямельнага сялянства і часткаю ў стане беднага местачковага ра­месьніцтва. Гэтыя дзьве катэгорыі беларускай нацыі выпаўнялі абавязкі нявольнікаў і ім ня было калі думаць аб тых ці іншых патрэбах душы. Багацьцем, як матар‘яльным, гэтак і духоўным, валадалі ў Беларусі бага­тыя станы ды к таму яшчэ чужых народаў.

Вось, дзякуючы гэткім варункам, беларуская культура, хоць і руха­лася патрошку наперад працаю рэдкіх адзінак з беларускай шляхты, але ўсе-ж яна не магла прабівацца ў народныя гушчы і, тым болей, не магла іх кратаць. Наогул— умовы прыгонна-окупацыйнага жыцьця ня толькі не дапамагалі раз­вою беларускай, мясцовай культуры, а нават перашкаджалі разьвіцьцю культуры і тых народаў, якія пазьменна прыграбалі да сябе Беларусь, пакідаючы на яе целе плойму дармаедаў-крывасосаў з памешчыкаў, шляхты й чыноўні­каў. Да самых апошніх часоў Беларусь была захована ад усякай культуры. Беларускага селяніна й беларускага рамесьніка, ад каго залежала, трымалі ў нявылазнай цемні.

Але, калі мусіла гэта становішча падацца, каб уступіць месца новым формам сацыяльна-політычнага ўкладу жыцьця, тады яно пачалося тым, што зьвязала поступ беларускае культуры з нацыянальным рухам. Звычайна ў гісторыі іншых народаў, хоць-бы латышоў, літоўцаў ці другіх, гэту сы­туацыю выкарыстоўвалі не працоўныя гушчы, а інтэлігенцыя, дробная бур­жуазія ды розначынцы. У беларусаў, к нашай выгадзе, склаліся сацыяль­нымі стасункамі іншыя ўмовы. Атрымалася так, што нямінучы ў гісторыі кожнай нацыі тэрмін нацыянальнага ўздыму паў на працоўныя слаі беларускага народу. Гэта ў свой чарод прывяло да таго, што беларускі нацы­янальна-культурны рух зьліўся з соцыялістычным рухам і сумесна з ім за­хапіў беларускую сялянскую й рамесьніцкую інтэлігенцыю. Рэдкія ядынкі дробна-буржуйнай беларускай інтэлігенцыі, якія прынялі ідэю адраджэньня беларускага народу, яго культуры, ня гралі значнае ролі. У 1905— 6 г.г., калі бурліў вызваленчы рух, які прайшоў па ўсёй царскай Расіі, нязначны лік беларускай дробна-буржуазнай культурніцкай інтэлігенцыі зусім растаў