Старонка:Дварчанін Багдановіч.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

навакол сябе ў салёнах і на выстаўках шмат-лічную публіку. Зьявілася цэлая школа манэістаў-імресыяністых.

За мастацтвам пашла літэратура. Золя ў "Жэрміналі", "Творстве" і іншых карацейшых і даўжэйшых раманах адбіў гэтае новае жыцьцё. Але яшчэ ярчэй, яшчэ выразьней адбіў новую імпрэсыяністычную творчасьць у вершаваных абразкох Вэрлен (раней Бодлер, потым Мэлярмэ). Вэрлен зрабіў рэволюцыю ў літэратуры, як Манэ ў малярстве. У Нямеччыне блізка падыйшоў сюды Гайнэ.

Вось чаму ў Багдановіча мы бачым найбольш перакладаў з Вэрлена, вось чаму найбольш мотто бачым у яго з твораў названых пісьменьнікаў.

Поруч ствараецца і новая філёзофія, якая прытарноўваецца да новых умоваў жыцьця. Гэта філёзофія рэлятывізму. Нічога няма на сьвеце нязьменнага. Усё адноснае. Сталы толькі мамэнт, уражаньне. Галавою гэтага філёзофскага кірунку ёсьць Эвэнаріус. Эрнст Мах паказаў прыклад нясталасьці ў прыродных зьявішчах:

Багдановіч у сваёй поэзыі бязумоўна філёзоф-рэлятывісты, хоць з гэткаю думкай прафэсара Пятуховіча не згаджаецца радакцыя час. "Полымя". Багдановіч так часта думае аб сьмерці, аб марнасьці жыцьця:

"Жывеш нядоўга, чалавек,
Перажыві-ж у момант век!"

кажа ён у вершы з тытулам першага радка.

Хлопчык выдзьмухуе на ганку з мыла бурбалкі, хапае іх рукою, а там астаецца слата ("Сеў хлопчык..."). Ластаўка зрабіла гняздо, прыгожае гняздо, але зрабіла яго з бруду ("Гутарка з паненкамі"). „Усё зьнікае, праходзіць, як дым" ("С. Палуяну"). Душа поэты спараджае дзіўныя вершы, але таксама прыгожа пяюць і жабы („Вы кажаце мне..."). Позта ўзьбіраўся ўсё вышэй да сонца, але там зрабілася яму сьцюдзёна ("Мне сьнілася"). Мы сьпяшаемся жыць, напружаем усе свае сілы, але сьцежка вядзе да магілы, дзе нас дагнаў ціха паўзучы чарвяк. ("Шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог..."). На вадзе растуць раскошныя лілеі, але іх акружаюць плесьні і бруд. (Сонэт: "На цёмнай гладзі"). Гымн пяе жабаў хор красе, каторую зьявіла гразь луж ("Рондо"). Астры ранніцай замерзьлі, але тут, як насьмех, паднялося сонца, палуючы ўсіх („Астры").

Гэта толькі яскравейшыя прыклады "Вянка". Іх можна расьцягнуць на даўжэйшы рад, але гэтага, думаем, даволі, каб характарызаваць Багдановіча, як філёзофа-рэлятывістага.

Песьняра найбольш уражаюць контрасты (процілежнасьці) жыцьця й прыроды. Можна сьмела цьвердзідь, што амаль уся поэзыя М. Багдановіча ёсьць поэзыя контрастаў.