Старонка:Дварчанін Багдановіч.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун
Пачынае няголасна граць:
Пад рукамі яго, разважаючы сум.
Бытцым тысячы, крэпка нацягнутых, струн,
Тонкаствольные сосны звіняць.

Якая мілагучнасьць! Прыгледзьцеся - нідзе няма разам больш трох гукаў аднолькавай якасьці. Толькі ў трэцім радку "х... струн". Але гэта патрэбна для насьледаваньня трэску соснаў. У іншых мясцох, дзе такога насьледаваньня няма, вельмі рэдкія прыпадкі зьбегу нават і трох гукаў аднолькавай якасьці:

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца шпаркі, легкі,
Сінякрылы матылёк...

і так амаль усюды.

Мова поэзіі, апрача гэтага, вымагае чысьціні, што да слоўніка. Часамі ў М. Б. сустракаюцца небеларускія словы, але трэба прыняць пад увагу тагачасную нявырабленасьць беларускае літаратурнае мовы наагул ды тое, што М. Б. вучыўся мову з кніг, ня маючы магчымасьці паглыбіцца ў народныя крыніцы. Тады дасягненьні і ў гэтым сэнсе трэба лічыць добрымі.

Яшчэ трошкі аб унутраных адзнаках формы. Поэта, каб стварыць перад чытачом поэтыцкі абраз, малюнак, — ужывае розных спосабаў. Мы ня будзем разьбіраць гэтых спосабаў, вядомых з падручнікаў стылістыкі. Скажам проста, што Багдановіч карыстаецца гэтымі спосабамі, як добры маляр-мастак пэндзлем. Дзеля таго яго поэзыя такая яскравая, красачная. Маленькія вершыкі -і шматфарбныя абразы. Паглядзім, якая багатая альлітарацыя (насьледаваньне гукаў у прыродзе) у найлепшым з гэтага боку вершу "Завіруха":

У бубны дахаў вецер дзьме,
Грыміць па ім, зьвініць, пяе... і г. д.

А вось гул места:

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць.
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць,
І гараць аганьком вочы змучаных твараў.

У першым вершу чуем самую завіруху, у другім адчуваеш, што ты знаходзішся ў таўпе дзесь на Вялікай вуліцы ці на Юраўскім праспэкце. І так усюды; культ формы да канца. Сваё адношаньне да вырабленьня формы сам поэта выразіў у некалькіх вершах. У вершы "Песьняру" ён кажа: