Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Беларуска-маскоўскія пісьменьнікі.

Біаграфічны матар‘ял. Павел Міхайлавіч Шпілеўскі быў родам з Меншчыны, у глухіх куткох каторай прайшло яго маленства. Вучыўся ў Менску. Змалку наслухаўся ён беларускіх казак і песьняў, відзеў звычаі і побыт, а ў маладосьці зьбіраў этнографічны матар‘ял, запісываў, што чуў ад народа. Дзеля таго, узросшы, Шпілеўскі надта добра ведаў беларускую душу і беларускае жыцьцё. Родную поэзію і наагул усё беларускае любіў ён нязвычайна. Асабліва падабалася яму народная міфолёгія. Закінуты на чужыну, Шпілеўскі жыў у змаскаленай сфэры і пераняўся маскоўскаю культураю.

Яго пагляды. Беларусаў ён лічыў амаль не самым старадаўным з пляменьняў славянскіх і самым старадаўным з пляменьняў „рускіх“; называў іногды беларусаў, як і тагачасныя польскія пісьменьнікі, крывічамі. Шпілеўскі уважаў, што беларусы—найчысьцейшы славянскі тып, што найболей яны захавалі запраўднай славянскай старыны. Вось дзеля таго, — думаў ён, — такая харошая і багатая беларуская народная поэзія. Як публіцыст, Шпілеўскі горача заклікаў працаваць над беларусазнаўствам.

Яго літэратура. Шпілеўскі пачаў пісаць з маладых гадоў. Супрацоўнічаў ён у розных лепшых журналах у Маскоўшчыне (спачатку пад псэўданімам П. Древлянскій). Літэратурная праца яго мела сваім заданьнем быццам этнографію Беларусі, але заўсёды насіла характар даволі лёгкай белетрыстыкі. Шпілеўскі зьбіраў і сьпісываў беларускія словы, прыказкі, песьні і наагул розныя віды народнай славеснасьці, міфолёгію, фантастычныя пераказы і інш. Найболей пісаў у 1846—55 гг. Яго „Падарожа па Палесьсю і Беларускаму Краю“ была надрукавана ў „Современникѣ“ за 1853, 1854 і 1855 г.г. і асобнай кніжкай выйшла ў 1858 годзе.

Поле яго творчасьці. У сваіх этнографічна-белетрыстычных творах Шпілеўскі апісываў нашы кірмашы, вясельлі, жніво, Юр‘е, Маладзікову нядзелю (Прошчы), ігрышчы, чараўнікоў, чараваньне і розныя забабоны, ксьціны, хаўтуры, памінкі, валачобнікаў, ваўкалакаў, беларускіх багоў і багавіц і шмат чаго такога.