Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З друкаваных яго беларускіх рэчаў, раскіданых па розных выданьнях, да нас дайшлі тры вершы: „Ды чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята?“ (1809 г.), „Гарэліца“ і „Рабункі мужыкоў“ (1812 г.). Апрача таго, творы Баршчэўскага друкаваліся памаскоўску; ў 1846 годзе ў „Иллюстраціи“ выдрукаваны яго „Очерки сѣверной Бѣлоруссіи“.

Фантастычныя апавяданьні. У гэтых творах найлепей адбіўся романтызм Я. Баршчэўскага, яго любоў да старыны, народнай поэзіі, беларускіх забабонаў, усякай чартоўшчыны і містычнасьці. Напісаны яны так: аўтор жывець у свайго дзядзькі шляхціца Завальні, дзе стыкаецца з рознымі людзьмі, шляхтай і сялянамі, і малюець іх у сваіх творах. Цэлы гуж усялякіх апісаных тут гісторый паказуець беларускае жыцьцё, беларускі дух, беларускую душу. Есьць прыклады народнай гутаркі і песьні. Захован орыгінальны беларускі гумар. Асабліва-ж задалося пісьменьніку пераняцца містычным настроем забабоннага беларуса, каторы тады меў вялікую веру ў сілу чараўнікоў, У нячысьцікаў і поэтычна відзеў у жывой і няжывой прыродзе рознае страхацьцё. Гэта была першая і даволі задачная, толькі на жаль ў чужой ці пакалечанай мове зробленая спроба апрацаваньня нашай народнай творчасьці, вельмі самабытнай, з каторай толькі і можаць лёгка разьвіцца запраўдная нацыянальная літэратура. Апавяданьні і легенды Баршчэўскага быццам просяць чытаньніка-беларуса, каб ён пераклаў іх на іх родную мову, бо надта-ж яны беларускія, і ім шкодзіць чужацкая форма. Некаторыя з іх ужо і перакладзены, як легенда „Чарнакніжнік і зьмяя, што вылупілася з пятушынага яйца“ (пераклад Я. Станкевіча) і іншыя рэчы.

Ды чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята?—беларуская песьня, каторую Баршчэўскі напісаў у 1809 годзе ці блізка таго, калі ўлюбіўся ў нейкую паненку Максімавічанку, як відаць настаўніцу ці гувэрнантку. Гэта даволі бойкая лірыка, у якой пад наўмыснай весялосьцью і аж некаторай сьмяхотвасьцю хаваецца запраўднае заcмучонае пачуцьцё, як зазвычай бывае ў беларуса. Песьня гэтая была паложана Антонам Абрамовічам на музыку і стала дужа популярнай сярод беларускай шляхты. Першы раз была надрукавана ў 1848 годзе. Гэта адзін з самых першых твораў- новае літэратуры.

Гарэліца — пераробка вядомай беларускай песьні: „Гарэліца, гарэліца, ды ты весялуха“. Надрукавана была разам з папярэдняй песьняй. Напісаў яе Баршчэўскі, пераймаючы звычайныя прыпеўкі, што пяюць сяляне-беларусы ў хмялю ад гарэлкі.