Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

далікатнасьцю засмучонага настрою. Спосаб думаньня—абразны, параўнаваньні і звароты мовы—народныя; вось прыклад:

Гдзе-ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажане, кажане,
Што ня сеу ты па мяне,
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калес?..

Вершы сілябічныя, то па 8, то па 7 складоў у радку. Рыфмы дабраны добра, але націск на перэдастатнім складзе нявыдзержан, і з жаноцкімі ёсьць рыфмы мужчынскія. Незнаёмасьць з правіламі і добрымі прыкладамі танічнага вершаскладаньня шкодзіла Бахрыму, ды ня гледзячы на гэта, верш яго зусім музыкальны і падходзіць да танічнага. Прыродная пясьнярская здольнасьць Бахрыма відаць, напрыклад, з першага куплета песьні, дзе скачучая лёгкасьць першых двух радкоў падходзіць пад іграньне на скрыпцы і цымбалах, а важкаватае дудуканьне двух другіх нагадуець дуду:

Заграй, заграй, хлопча малы,
І у скрыпачкі, і у цымбалы,
А я заграю ў дуду,
Бо у Крошыне жыць ня буду

Гутарка Данілы з Сьцяпанам па складу верша не падобна да разгледжанай песьні, але ўвесь яе тон і думкі лёгка нагадуюць бахрымаўскую творчасьць. „Гутарка“ была дужа пашырана, як рукапісны твор невядомага аўторства. Магчыма, што Бахрым схаваў імя і не падпісаўся навет псэўданімам, баяўшыся паноў. Твор напісан перад вольніцай. Даніла з Сьцяпанам талкуюць аб тым, што паны ня хочуць, каб цар даваў вольніцу. Чуецца, што аўтор „Гутаркі“ сам мужык; ён глыбока адчуваець мужыцкую няволю, ненавідзіць паноў і вельмі жадаець скасаваньня прыгону. Але сьветагляд яго не расшыраны кніжнай адукацыяй, думкі прастадушныя, патрэбнай для дзейнага адраджэньня нацыянальнай і соцыяльнай сьвядомасьці няма.

Размова пана з мужыком. Затое, што паны зьдзекаваліся над мужыкамі, не давалі ім навет плакаць і без канца каралі, вінен ці ня вінен,—на іх голаў падзе тое самае, хай толькі прыдзе вольніца. „Размова“ якраз і малюець гэтую расплату. Пан вітаецца з Сьцяпанам і просіць, каб яго Дарота прыйшла да пана на работу, дэкляруець заплаціць і накарміць. Сьцяпан адказуець пану гэтак:

Ужо панскі хлеб дакучыў,
Як пан нас добра мучыў.
Добра паны гандлявалі:
Слуг на сабакі мянялі