Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цэлі былі такія: 1) „Абы брацья мая, русь, людзі паспалітыя, чтучы, маглі лепей разумеці;“ 2) „Дзецем малым—пачатак усякае добрае навукі, граматы, ежа добра чэсьці і мовіці вучыць“,—значыцца, каб беларускія дзеці мелі падручнік для навукі роднай мовы; 3) каб беларусы-падарожнікі, у становішчы якіх быў і сам доктар, мелі па чым маліцца на чужой старане, ведалі-б, калі сьвяткаваць якія дні („Мал. падар. кніжыца“).

Значаньне Скарыны. Доктар Скарына сваім войстрым навучным розумам пераверыўся, што трэба завесьці ў кнізе родную мову, бо царкоўна-славяншчына ці латынь, як рэч незразумелая народу, ня можа і не павінна замяняць яе пры запраўдным культурным разьвіцьці. Ен цьвёрда адкінуў шкодную думку, быццам звычайная, штодзенная, свая „простая“ мова ня годна дзеля малітвы; гэтаю моваю Скарына зьвязаў пісьменства з народам.

Скарына стаіць у нас на вялікім гістарычна-літэратурным і культурным рубяжы, як першы беларускі друкар. Друкарня яго ў Вільні, першая на Беларусі, адбыла вялікую культурную місыю для ўсяго славянскага Усходу; толькі ў Скарыны маглі наўчыцца друкаваць дыякан Іван Фёдараў з Маскоўшчыны і беларус Пётра Мсьціславец, каторыя ў 1564 годзе паспрабавалі залажыць першую друкарню і ў Маскве. Беларуская Біблія Скарыны займаець трэцяе места ў гісторыі друкаванага пісьменства (першая друкаваная Біблія была нямецкая, другая чэшская.)


Васіль Цяпінскі.
(Другая палав. 16 стал.).

Біаграфічны матар‘ял. Быў родам з Полаччыны, як і Ф. Скарына. Радзіўся ў 40-х гадох 16-га сталецьця. Меў свой двор Цяпін і яшчэ колькі двароў, але, відаць, невялікіх, бо пісаў аб сваей маемасьці, што яна „ўбогая“. Ня меў ён і такой адукацыі, як Ф. Скарына. Захапіўся рэфармацыйным рухам на Беларусі і належаў да рэлігійнай сэкты арыянітаў. Знаўся з беларускім пісьменьнікам С. Будным, з каторым нейкі час разам друкаваў кніжкі. Пад старасьць меў ён двор на Валыні, каторы, быць можа, дастаўся яму ад князя Астрожскага, як дар за літэратурную і выдавецкую працу. Калі памёр В. Цяпінскі, невядома. У актах астатні раз спамінаецца ў 1604 годзе, калі сыны яго судзіліся за бацькаву маемасьць. У 1915 годзе ў бібліатэцы Сьвятаполк-Завадзкага, у м. Крошыне блізка Баранавіч, пашчасьціла бібліафілу Р. Зямкевічу знайці партрэт В. Цяпінскага.