Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Статута (16 ст.), але ўжо ў 15 сталецьці яна стаяла вельмі высака. Прыкладам, з вялікай лічбы памятак, можа быць мова „Праўнага ліста караля Казіміра“, каторы пачынаўся так:

Казімір, божаю міласьцю кароль польскі, вялікі князь літоускі і руські, княжа прускае, і жамаідзві, і іных, чынім знамяніта сім нашым лістом… іж мы з князьмі і з паны радаю нашага Вялікага Князьства Літоускага і з усім паспольствам сагадаушы, урадзілі есьмо так.

Летапісі-кронікі. Характэрнаю азнакаю кронік беларускага гаспадарства ёсьць тое, што ўсе яны пісаны ў чыстай і прыгожай беларускай мове. Летапісных зборнікаў за 15-е, 16-е і 17-е сталецьці маем шмат. Прыкладам можа быць Летапісь Аўрамкі (напісана ў 15 веку ў Смаленску, цяпер на сховах у Віленскай публічнай бібліатэцы) або Летапісец вялікага князьства Літоўскага (16 века, цяпер на сховах у бібліатэцы Красінскіх у Варшаве) і іншыя. У гэнай другой кроніцы летапісец выводзіць род нашых князёў ад рымскіх цэсараў, даець аб пачатках Літвы цікаўны, больш баечнага характару пераказ. Так пісаць ён мог толькі ведаючы латынь. Значыцца, апісаная ім на гістарычны лад байка радзілася з пашырэньнем на Беларусі ўплываў рымскай культуры. Тут-жа ёсьць апавяданьне аб сьвятой Праксэдзе Полацкай, пахаванай у Рыме, жыцьцё каторай падобна да жыцьця сьвятой Афрасіньні Полацкай.


Залатая пара.
(16 век).

Далейшае разьвіцьце старадаўнай літэратурнай мовы. Калі беларускае жыцьцё ўсё шырэй набіралась эўропэйскасьці, мова наша, як мова нацыянальна-літэратурная, запанавала ў соймах і ратушах. Спачатку мова кніжная зусім мала адрозьнівалась ад народнае мовы. Але „дзеля таго, што народная мова ня мела патрэбных слоўных тэрмінаў, выказуючых новыя разуменьні, прышлося браць іх з другіх моў, а ў першую чаргу з польскай і праз яе з заходня-эўропэйскіх моў, бо з імі былі знаёмы праз Польшчу вышэйшыя і сярэднія станы на Беларусі. Потым, дзякуючы пашырэньню палітычнай і рэлігійнай вуніі з Польшчай (у канцы 16 века), калі ўмацаваўся на Беларусі польскі каталіцызм, уплыў польскай мовы на народ і духавенства стаў вельмі прыметны. З гэтай прычыны, апрацаваная к канцу 16-га века беларуская літэратурная мова была перасыпана полёнізмамі, галоўным чынам у слоўніку (Е. Карскі). Офіцыяльнае поле яе пашырэньня было зацьверджана законам.