Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а паўсёднай засмучонасьці. Праўда, ён любіць часам пажартаваць і пасьмяяцца, але жарты яго таксама невясёлыя, а сьмех яго горкі. У хэдары і ешыбоце яго вучылі, што любавацца сонейкам, пекным зялёным дрэвам—няможна, бо гэта дыявальскія пакусы і даводзяць яны да грэху, што ў гоя (ня жыда) няма душы, што гой нячысты. Яго пабожны дзед-ідэаліста ўмеў прымірыць тую навуку з жыцьцём, ня трацячы сваёй пашаны да ўсякага чалавека і гадуючы ўва ўнуку лепшыя чалавецкія пачуцьці. Але ўнук быў прыражоны поэт, дзіця беларускае прыроды і шчыры; сьлёзны глядзеньнік на трагэдыю беларускага вясковага жыцьця. Ен увідзеў у беларускім „гоі“-мужыку абраз непапсутага, запраўднага біблейнага аратая, а беларуская прырода ахмяліла, ачаравала яго. І вось ў апяяньні тае прыроды і жыцьця таго ратая, на яго роднай мове, знаходзіць Бядуля сваё шчасьце і цэль свайго жыцьця. Па ўплыве, які меў на яго беларускі народ, пачынаюцца ўплывы беларускіх інтэлігентаў-адраджэнцаў. Рэдакцыя „Нашае Нівы“ робіцца яго унівэрсітэтам, яго вышэйшай школай. Тут знаходзіць Бядуля свой сталы сьветагляд, мацуець свае адносіны да жыцьця і да ўсяго акружаючага. Тут ён зразумеў, у чым значаньне клясавага і нацыянальнага змаганьня.—„Ад беларусаў я наўчыўся, як трэба кахаць сваю бацькаўшчыну. Навет і жыдоўскі народ яны навучылі мяне любіць“, — пісаў ён сам, спамінаючы гэтую пару. Прыймаючы такія ўплывы, разьвівалася і творчасьць Бядулі. 1912—1913 гады былі яе лепшым часам. Тады зьявіліся бядуліны апавяданьні, у каторых найбольш чыстай, вясковай, народнай эпічнай беларускасьці. Патым азначаецца як быццам другая пара. У 1913-жа годзе выходзяць „Абразкі“, дзе пышна буяець лірызм поэта, думка робіцца больш абстракцыйай і псыхіка беларуская ідзець на сустрэчу псыхіцы жыдоўскай. Поэт патрабуе пісаць вершам і на працягу 1915-га года здавальняе гэтую патрэбу, даючы містычную, любоўную і прырода-апісаўчую лірыку, а патым, у 1914—1915 гадох,—лірыку, зьвязаную з вайною. Пасьля вайны і рэволюцыі, сьпярша натхніўшай, ды хутка расчараваўшай яго ў некаторых ідэалах, у Бядулі прыкмецен кірунак у бок народнай беларускай творчасьці (захапленьне міфолёгіяй). Праз увесь час ён застаецца гарачым адраджэнцам, ня губіць веры ў народ і яго нацыянальна-соцыяльнае адраджэньне, але бліжэй прыймае да сэрца творчасьць ад індывідуальных перажываньняў.

Апавяданьні Бядулі—найбольш цэнная для нас частка яго поэзіі. У іх найболей беларускіх нацыянальных азнак і аўторскай безпасрэднасьці, орыгінальнасьці. З боку