Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пачаў азначацца ад дзён вайны і потым соцыяльнай рэволюцыі. Цікаўнай прыметаю гэтае пары ёсьць ня толькі красаваньне соцыяльных пытаньняў, але, як ні дзіўна, і пачатак аналізу агульна-чалавецкіх проблем, без ранейшых нацыянальных і соцыяльных тэндэнцый. Гэтая прымета—знак вялікага росту беларускае літэратуры, каторая ужо адрадзілася і вымагае новага назову для свае цяперашняй, у значнай меры посьле-адраджэнцкай пары. Мова яўляецца яшчэ аднэй, надта важнай прыметай навейшай літаратуры. І мова, ці йначай кажучы пагляды пісьменьнікаў на мову вельмі адзначаюць сучасную літэратуру ад шляхоцкай. Мова шляхоцкіх пісьменьнікаў адбіваець на сабе няшырокі іх пагляд на яе літэратурнае значаньне і будучыну. Пісьменьнікі таго часу карысталіся выключна слоўнікам цёмнага, духоўна абмежаванага панамі і прыціснутага прыгонам беларускага люду. Яны пісалі аб такіх рэчах, дзе гэтага слоўніка зусім даволі было, дзе не патрэбны былі словы для невядомых таму люду абстракцыйных разуменьняў. Гэтакі парадак пачаў канаць з дзён Багушэвіча і сканаў на першых страніцах „Нашае Нівы“. Адылі і цяпер гэтае прыхамоцьце часам стыкаецца ў паглядах несьвядомай і напоўсьвядомай беларускай інтэлігенцыі маскоўскай і польскай культуры і замінаець ёй шукаць і разумець у сваёй сучаснай нацыянальнай поэзіі сусьветнае інтэрнацыянальнае багацьце. Цяперашняя наша кніжная мова маець падабенства—па сваёй гісторыі, характару і вялікаму значаньню—з нашай старадаўнай кніжнай мовай у залатую пару ейнага разьвіцьця. Але ёсьць і розьніца: цяперашняя кніжная мова неразрыўна і стульна зьвязана з народнай мовай, чаго ня было ў такой меры ў старадаўнасьці. Навейшая беларуская літэратура вызвалілась з перайманьня чужых літэратур і дастала, такім чынам, нацыянальнае значаньне, яна выказуець асаблівасьці беларускага нацыянальнага духа, тыя чырты характара, той спосаб думаньня і пачуваньня, тыя сымпатыі і ідэалы, каторымі беларуская нацыя вызначаецца сярод другіх эўропэйскіх народаў.


Яго жыцьцё. Арадзіўся ў Ашмяншчыне. Пахадзіў з дробнай шляхты, са спольшчанай сям‘і. Сярэднюю школу скончыў у Вільні, пазьней вучыўся у Пецярбурзе на фізыка-матэматычным факультэце. Перад паўстаньнем 1863 году Багушэвіч бавіў нейкі час ў Ашмяншчыне, дзе быў на-