Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

псалтыр); 2) чатырох эвангелістаў; 3) жыцьцяў сьвятых людзей (мінеі, пацярыкі, пролёгі); 4) казаньняў і паўчэньняў (асабліва Івана Залатавустага, Ахрэма Сірына, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова); 5) царкоўнай поэзіі (Івана Дамаскіна, Андрэя Крыцкага і інш.); 6) зборнікаў да чытаньня, духоўных хрыстаматый для духоўных асоб і сьвецкіх людзей („Сьвятаславаў Ізборнік“, „Пчала“); 7) апокрыфаў і 9) твораў царкоўна-практычнага характару („Шастаднёў“, „Фізіолёг“ і інш).

Жыцьце Аляксея, чалавека божага. Жыцьці сьвятых былі ў гэты час тым самым, чым цяпер для нас ёсьць прыгожая літэратура. У жыцьцях чытаньнік знаходзіў для сябе адказы на пытаньні сучаснасьці і відзеў у іх ідэалы лепшых людзей свайго часу. На жыцьцёх гадавалася тагачасная інтэлігенцыя. Жыцьці мелі найбольшы лік чытаньнікаў. Асаблівым пасьпехам карысталася „Жыцьце Аляксея, чалавека божага“. Яно было гэтак популярна, што пашыралася скрозь усе вякі царкоўна-славяншчыны, вядома з 15-га сталецьця і з яго-ж разьвіліся тыя псальмы, якія цяпер жывуць у вуснах старцаў на беларускіх кірмашах.

„Пчала“. Па гэтым зборніку прашчуры нашы крыху знаёміліся з думкамі няўмірушчых старых грэцкіх філёзофаў. У ім побач з думкамі сьвятых былі зьмешчаны думкі Сократа, Арыстоталя, Эўрыпіда і інш.

Як хадзіла Багародзіца па муках. Апокрыфы, ці містычныя байкі аб жыцьці вялікіх сьвятых і наагул вялікіх людзей старога і новага закону, здавальнялі цікаўнасьць веруючых, каторыя хацелі ведаць аб розных падзеях болей, чымся аб тым напісана ў сьвятым пісьме. Апокрыфы стварыла рэлігійная фантазія. У іх быў той грунт, на якім схадзілася хрысьціянская вера з поэтычнымі паглядамі паганства — прычына, дзеля якой апокрыфы прыйшліся да спадобы нашым прашчурам. У межах апокрыфічнай творчасьці зьмесьціліся разам: Стварыцель і Сатана, анелы і нячысьцікі, людзі, жывёлы і расьціны. Апокрыфы споўнілі падгатаваўчую да самастойнай творчасьці работу. Яны-ж зрабіліся самай глыбокай крыніцай для псальмаў. Былі дужа пашыраны. На Беларусі асабліва ходкія былі апокрыфы аб Багародзіцы. Найпрыгажэйшы сярод іх — „Як хадзіла Багародзіца па муках“.

„Фізіолёг“. Сярод перакладаў царкоўна-практычнага характару цікавен „Фізіолёг“, каторы даваў чытаньніку сьмяхотнае на сучасны пагляд веданьне аб прыродзе. Веданьне тое павінна было йці на карысьць моральнае навукі.