Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і камэдый, з пасьпехам ішоўшых на беларускай сцэне (ў Менску з вучасьцем самаго аўтора). Драма яго найчасьцей рэволюцыйна па зьместу. Захоплены вялізарнай завірухай, Галубок пільнуе адпячатаць навакольныя абразы, але іх гэтулькі уваччу, новыя падзеі разьвіваюцца гэтак шыбка, што яму ўдаецца толькі накідаць іх эскізы вугалём. Сюжэты з таго, што было да рэволюцыі („Апошняе спатканьне“), сюжэты на тэмы аб змаганьні ўціснутых з панамі-угнятаньнікамі ў эпоху набліжэньня віра рэволюцыі болей задаюцце яму, чымся зарысоўкі дзён пачатку соцыяльнай рэволюцыі („Бязьвінная кроў“), ня гледзячы на ўсю выгаду гэткіх эфэктаў, як разьбіваньне панскага двара сялянамі.

Гартны, Цішка, запраўднае імя каторага Зьмітро Фёдаравіч Жылуновіч, радзіўся ў 1887 годзе ў м. Капылі (Менск. губ., Слуцк. пав.). Сын бедных мужыкоў, быўшых мяшчан, ён з дванаццацёх гадоў быў за пастуха ў сваім мясьцечку. Пяць гадоў ганяў ён улетку ў поле, а ўзімку вучыўся ў народнай дзьвюхклясавай школе. Скончыўшы школу, ён пашоў вучыцца на гарбара (што скуры на боты вырабляе) і быў захоплены работніцкім рухам. Адукацыю здабываў чытаньнем кніжак. У канцы 1908 г. ён даведаўся аб беларускім руху і пранікнуўся ім ўсёю душою. Пісаць меў нахіл з маладых год і шмат напісаў вершаў і апавяданьняў памаскоўску. У „Нашай Ніве“ пачаў супрацоўнічаць з 1908 года. Ен быў адным з найбольш дзеяльных сяброў соцыяль-дэмократычнай работніцкай організацыі ў родным Капылі, вёў там патайны рукапісны журнал „Голас ніза“, а пазьней — гэтак сама рукапісную „Вольную думку“. Капыльская работніцкая арганізацыя, дзякуючы стараньням Гартнага паслала ў трэцюю думу дэклярацыю з дамаганьнем правоў для беларускага народа. Пазьней Цішка Гартны жыў па розных гародах (Магілеў, Вільня, Вількамір), урэшце асяліўся ў Пецярбурзе, дзе супрацоўнічаў у расейскай прэсе. У часе рэволюцыі рэдактаваў беларускую бальшавіцкую газэту „Дзяньніца“ (ў Пецярбурзе, патым у Маскве). Калі ў самым канцы 1918 г. бальшавікі абвесьцілі „незалежную Беларускую савецкую (радавую) рэспубліку“, дык паставілі Жылуновіча на чале яе урада, і ён пераехаў у Менск. Неўзабаве яго, аднак, скінулі з прэм’ерства, забаяўшыся яго беларускасьці. Гартны — лірык, эпік, драматург і здольны публіцыства. Творы яго друкаваліся ў розных беларускіх выданьнях („Маладая Беларусь“, „Дзяньніца“, бальшавіцкі альманах „Зажынкі“ і інш.). У нашай пераважна сялянскай поэзіі Гартны выдаецца, як поэт пролетарый, пясьняр работніцкага жыцьця, пясьняр працы. Шмат у яго вершаў і апавяданьняў таксама з вя-