Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

працавала ў Вільні, у дзіцячым прытулку, а патым — у пачатковай школе ў в. Чаўшлі Мала-Салячніцкай парахвіі, у ваколіцах Вільні. Пазьней была загадчыцай беларускай кнігарні ў Полацку. У часе вайны, служыўшы ў Земскім Саюзе, пазнаёмілась з В. Калечыцам, і яны пабраліся. З часоў рэволюцыі жывець у Маскоўшчыне, на станцыі Шахаўской Аляксандраўскай зялезнай дарогі. У 1914 годзе выйшаў сборнік вершаў Буйло „Курганная кветка“. Буйло — найбольш выдатная пасьля Цёткі жаноцкая сіла ў нашай поэзіі. На першым пляне ў яе лірыцы стаіць пачуцьцё каханьня. „Эротычная інтуіцыя — гэта характэрная адзнака творчасьці Канстанцыі Буйло“ (А. Навіна). Апрача таго, яна вельмі пранікаецца адраджэнцкімі настроямі і любіць пяяць пра хараство прыроды, каторае лечыць яе грамадзянскія болькі, даець ёй спакой. Буйло — надта здольная пясьнярка, ад каторай беларуская поэзія шмат чаго спадзяецца. На творчасьці яе чуецца ўплыў Купалы.

Быліна Я. (ксёндз Семашкевіч) — сьвежы, орыгінальны, але яшчэ мала разьвіты талент. У 1918 г. выйшаў зборнік яго вершаў „На прызьбе“.

Галіна, Антось — вельмі спадзейны малады белетрыста і паважны публіцыст. Родны брат Якуба Коласа.

Галубок — вядомы беларускі пісьменьнік, спачатку эпік і часам лірык, а пазьней драматург. Запраўднае імя яго — Валадыслаў Голуб. Ен арадзіўся 3-га мая 1882 года ў Менску, дзе і жывець усё сваё жыцьцё. Бацька яго, сьлесар менскага дэпо на чугунцы, быў родам з Барысава. Ен памёр рана, на 35 годзе жыцьця, і Галубок, дзеля гэтага, скончыўшы ў 1893 г. прыходзкую школу і паступіўшы ў вышэйшую гарадзкую, паўчыўся там толькі два гады і ў 1895 годзе мусіў кінуць навуку і зарабляць на хлеб прыказчыкам у вадным з менскіх магазынаў. У 1897 годзе ён паступіў на чыгунку, дзе і праслужыў 22 гады (да польскай окупацыі). Па шляху беларускай творчасьці пашоў Галубок з 1908 г. Як белетрыст, ён супрацоўнічаў у „Нашай Ніве“, „Маладой Беларусі“, „Вольнай Беларусі“, беларускіх календарох і іншых выданьнях; пісаў апавяданьні „бойкія і вясёлыя, да чаго мае праўдзівую здольнасьць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя“ (М. Багдановіч). З вершаў яго асабліва выдаецца па сваёй энэргіі „Будучына“ — абраз адраджэньня. Калі з разьвіцьцем беларускага тэатру пачулася войстрая патрэба ў пашырэньні рэпэртуара, Галубок перарабіў некаторыя свае апавяданьні на п’есы і потым (у часе вайны) зусім аддаўся драматургіі. Да гэтага часу ён напісаў дзесятак вялікіх драм