Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/176

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аддаўся беларускай літаратурнай творчасьці, апрача таго, пісаў аб беларускіх справах у расейскіх і асабліва шмат ў украінскіх часопісях. Як пішуць асабіста знаўшыя яго людзі (З. Бядуля), цяпер Багдановіч „зайздраваў тым шчасьліўцам з беларускіх поэтаў-дзяцей сялян, што хоць пастушкамі былі, але ў родным полі, у родным лузе, у сваіх лясох, пушчах і балотах. Паводлуг яго зданьня, песьняры, жыўшыя ў самых глухіх кутох роднай зямлі, маглі ўбіраць у сябе творчы, самабытны, абвеяны казкамі дух свайго народу“. Ен з нецяралівасьцю чакаў таго часу, калі здолее паехаць і першы раз пабачыць бацькаўшчыну і першы раз пачуць яе жывую мову. У 1911 годзе ён меў, як сам казаў, „вялікае шчасьце“: ён пабачыў бацькаўшчыну і прыехаў на колькі дзён у яе старую сталіцу — Вільню. З нязвычайнай радасьцю пераказываў тут поэт сваім знаёмым, што гэта было для яго за шчасьце, бо „далёкая, нязнаная бацькаўшчына-Беларусь неяк дзіўна чаравала яго і вабіла к сабе ад таго часу, як ён пачаў жыць сьвядомым жыцьцём; самае імя яе будзіла ў душы поэта дзіўны стан, і здавалася яму, што вось-вось брызнвуць сьлёзы з яго воч" (А. Навіна). Другі раз прыехаў пясьняр на родную зямлю ў 1916 годзе, у Менск, прыехаў зусім хворы, змучаны сухотамі. Аднак, не ўзьвесяліла, а яшчэ болей прыгняла яго засмучоны ў слабнучым целе дух тая атмосфэра, якая панавала тады ў Менску. Маскоўская вайсковая забарона друкаваць часопісі пабеларуску проста забівала поэта. Ды не сядзеў бяз працы і цяпер: арганізовываў менскую беларускую моладзь, чытаў рэфэраты аб беларускім руху, укладаў беларускую літэратурную хрыстаматыю і рабіў шмат чаго іншага. Здароўе ўсё горшала а горшала, і Багдановіча ўмаўлялі, прасілі, каб ехаў у Крым. Ня меў поэт ахвоты пакідаць сваю няшчасную, зьняволеную і зруйнаваную бацькаўшчыну, — відаць, баяўся, каб не памерці на чужыне. Але ўпрасілі, паехаў… А цераз кароткі час прыляцела з Крыму смутная, жахлівая вестка, што 12-га мая 1917 года (ст. ст.), у Ялце, рукі, пісаўшыя „Вянок“, сашчапіліся навекі.

Літэратура Багдановіча яшчэ ня можа быць уся падлічана дзеля неспакойнасьці цяперашняга часу; пакуль што немагчыма сабраць увесь пакінуты нябожчыкам матар’ял і выдаць поўны збор яго твораў. Меркаваць аб яго творчасьці можна цяпер толькі па „Вянку“ і па раскінутых у розных часопісях яго лірычных вершах, невялічкіх поэмках і іншых рэчах. Аб яго прозе даюць разуменьне такія апавяданьні, як „Музыка“, „Над морам“, „Аб іконьніку і пазалотніку“, „Шаман“ і інш.