Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў драме гавораць ня простаю, звычайнаю моваю, а поэтычнаю, сымволіка-абразнаю, часам навет музыкальна-разьмеранаю і заўсёды ахопленаю купалаўскім лірызмам. Усё гэта складаець вялікія мастацкія вартасьці твора, асабліва ў наш век грубага рэялізму, але разам з тым вымагае ад поэта такой-жа высокай ідэйнай стараны, такой-жа сілы ў паказаньні і зьясьненьні духоўнага замыслу драмы, бо йначай усё поэтычнае хараство будзе бязгрунтоўным і малацэнным: „Раскіданае гняздо“ — сымвол раскіданай Беларусі з часоў пярэдадня сусьветнай вайны і соцыяльнай рэволюцыі. Сымвол той выйшаў з душы поэта-адраджэнца і былага земляроба з беларуска-мужцыкай соцыяльнай сьвядомасьцю. Дык вось і ідэйная разьвязка вялікіх проблем зроблена ў драме так, што сымволы новага часу абгорнуты нейкім туманам няпоўнай усьвядомленасьці, яны падманяюць нас сваёй прынаднасьцю, ды застаюцца маларэяльнымі, не сакавітымі на свае запраўдныя, жудасца рэволюцыйныя фарбы. Дух навізны толькі здалеку, хоць і безадступна, мітусіцца тут, найвыразьней уваходзячы ў рыторычны абраз няведамага чалавека, работніка, згукаючага па гарадох і вёсках гаротнікаў на „вялікі сход“. Тып работніка незадачан. Лепей выйшаў сялянскі прототып новага беларуса — Сымон. Цікавен поэтычны абраз Зосі, як сымвол паза-клясавых адносін. Надта а надта мучаецца Зося цераз гора сям’і, без аніводнага слова зносіць яна балючыя папікі новага змаганьніка з панствам-брата і ймець веры, што ўсіх злыдняў можна пазбыцца, калі людзі будуць любіць адзін аднаго так, як яна любіць паніча, — гэта ўвабражаныя паза-клясавыя адносіны. Паніч пабавіўся, скрыўдзіў дзяўчыну і кінуў яе без усякай страты, — гэта запраўдныя паза-клясавыя адносіны. Дзяўчына адурэла. Яна сьніла залатыя сны, яна была поўная поэзіі, і каб захаваць свой няземны характар пасьля гідкага датыканьня жыцьця, яна зусім адракаецца ад жыцьцёвай праўды, пераходзіць у прастор грёзаў, робіцца ненормальнай. Сцэна з вяночкам з васількоў па сваёй магутнасьці, па сваёй поэтычнай чыстаце, па тонкасьці перажываньняў нагадуець вечны абраз Офеліі. Разьвязка паза-клясавых адносін, як відзім, дужа поэтычная, ды зусім непажаданая ні з якога, апрача аднаго бадай панскага, пагляду. Старац добра сымволізуе старадаўнае прымірэньне з бядою, а Лявон Зяблік — гібель ад непасільнага змаганьня; ён адбіраець у сына сякеру, кажучы, што змагацца трэба розумам, а сам наўпрэкі розуму, з адчаю робіць сабе сьмерць. Роль Данілкі няясна. Драма канчаецца тым, што няшчасная матка з бяздольнымі дзеткамі сымволічна выходзіць зьбіраць міласьцінку, а Сымон пад бліскам зарава ад запаленага ім панскага двара цягніць неразумную сястру на „сход“. Вялі-