Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

разлучаець Астапа з Марыляю, аддаець дзяўчыну на згубу панічу, мучаець беднага парабка ў войску, а патым у вайстрозе і вымагае ад Піліпа сказаць так: „Вось і шукай тут праўды на сьвеце! Здаецца-б хто, ато паны! Пойдзеш ў двор — такія, здаецца, добрыя, так аб усім хораша гавораць. А паглядзіш, дык вось што вычвараюць… Ну, я гэтаму панічу не дарую, папомніць ён мяне!

Двойчы прапілі (1910 г.) — недапісаная драма ў 4 часьцёх; вызначаецца дужа нацыянальным абліччам сялян, што мы відзім з іх размоў. І тут завязка ў соцыяльнай няроўнасьці.

Старажовы курган — няскончаны драматычны нарыс у 3 зьявах; напісаў яго Каганец на сюжэт народнай песьні таго-ж назову, — так сказаць, інсцэнізаваў народную творчасьць.

Сын Даніла — драма ў 3 дзеях з завязкай, узятай таксама з народнай творчасьці. Народ паказаў толькі адносіны маткі, сына і маладухі, а Каганец дадаў сюды старадаўна-баярскую абстаноўку і колькі абразкоў змаганьня за родны край, стварыў патрыятычна-беларускі настрой і ўсім тым дамагаецца сваіх нацыянальна-грамадзкіх заданьняў: зварушыць беларусаў да адраджэньня. Драматызм тут няпоўны, надворны, невыцякаючы з натуральнага разьвіцьця змаганьняў і перажываньняў і паказаны скачкамі. У гістарычнай абстаноўцы — некаторыя анахронізмы.

„Старажовы курган“ і „Сын Данілы“ — першая ў навейшы час спроба даць беларускую гістарычную драму. І вось мы відзім, што „Модны шляхцюк“ лепей задаўся Каганцу, бо напісан з сучаснага жыцьця і ў сатырычным тоне, што было, відаць, бліжэй да здольнасьцяў драматурга і зручней для нашай адраджэнцкай літэратуры (славу нашай мінуўшчыны ворагі зьнішчылі ў народнай памяці і сьвядомасьці). Гістарычныя творы ў Каганца выйшлі слабейшыя, бо і грунт для такой творчасьці ня быў падрыхтован ні ў нашай літэратуры ні ў навуцы.

Мова Каганца — дужа прыгожая і чыстая беларуская народная мова. У яго ёсьць старадаўныя словы і формы, каторыя вабяць сваёй беларускасьцю і хараством. Каганец шукаў багацьця слоў толькі ў народнай крыніцы, ня браў слоў чужых і нова-прыдуманых. Гэтае нахіненьне ён захаваў навет у навукова-популярных рэчах („Гутаркі аб небе і зямлі“).