Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/139

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ен складае гімны адраджэньня і з драматызмам моліцца, каб яно прыйшло, каб людзі збудзіліся, каб вочы іх прасьвятлелі („Малітва“). Як духоўны правадыр, паказуець поэт маладым братом патрэбную сьцежку-пуцявіну і навучаець іх змагацца („Наш сымвал“). Каганец пісаў вершы ня столькі дзеля таго, што чуў сябе поэтам, сколькі дзеля таго, што „Беларусь трэба падымаць“. Дык справядліва, хоць і надта стродка, сказаў аб яго вершах М. Багдановіч: „…Каганец, пішучы вершы, аглядаўся на народную песьню і намагаўся, каб яны былі праняты яе духам, яе прыкметамі. Ды, на жаль, мала было ў яго творах натхненьня, і выхадзілі яны ў яго важкімі, тапорнымі, бясьсільнымі. Таму ў друку яны бадай што не зьяўляліся і ніякага сьледу ў беларускай поэзіі яны не пакінулі. Аднак, хоць і зрэдку, Каганец, падвышаўся да праўдзівай творчасьці, і тагды ў яго вынікалі такія вершы, як „Кабзар“ („Наша Ніва“, 1909 г.) — рэч самародная, патыхаючая народным духам і пакідаючая моцнае ўражаньне“.

Модны шляхцюк.

Самы лепшы твор Каганца — камэдыя ў аднэй дзеі з засьцянковага жыцьця „Модны шляхцюк“. У камэдыі добра змалявана бытавая абстаноўка і даведзена нацыяльная думка. У васобе Пранцішка Карчэўшчыка абсьмеяна тая беларуская моладзь з дробнай шляхты, што набіраецца гарадзкое быццам-то культуры, хварэець на панства, гоніцца за „модаю“ гаварыць папольску і адракаецца ад усяго роднага, бо яно у іх засьлепленым ваччу — простае, хамскае. Карчэўшчык — мастацкі тып. У ім сабраты і паказаны азнакі, тыповыя для ўсіх „модных шляхцюкоў“, ненатуральны пераход каторых ад аднэй культуры да другой робіць іх мала-сумленнымі, нізкімі людзьмі, згубіўшымі грунт пад нагамі і мізэрнымі ў сваім упадку. Нахапаўшыся вяршкоў усяго для іх чужога, яны застаюцца цёмнымі, але пошла-амбітнымі людзьмі. Уся іх культурнасьць і вучонасьць — сурдут і манішка на голым целе; яна ня прыстаець да іх як мае быць. Для іх няма нічога чыстага, высокага ў жыцьці; няма каханьня, а ёсьць пасаг, няма людзкога гонару, а ёсьць амбіцыя, няма адвагі, а ёсьць трусасьць.

У іншым шчасьці няшчасьце захована — бытавыя драматычныя сцэнкі ў пяцёх часьцях, толькі збольшага накіданыя Каганцом (1903 г., знойдзеныя ў паперах і надрукаваныя пасьля яго сьмерці (1919 г). Драма гэтая грунтуецца на соцыяльных пытаньнях і таксама паказуець бытавую абстаноўку. Соцыяльная несправядлівасьць