Старонка:Гісторыя ЗША ў дакументах.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Камітэт усіх Штатаў або дзевяці з іх мае тыя ж паўнамоцтвы, што і Кангрэс, калі апошні знаходзіцца на канікулах паміж сесіямі паседжанняў, пры ўмове, што дзевяць Штатаў згодны на яго дзейнасць і што гэты Камітэт не атрымоўвае ніякай улады прыймаць рашэнні, якія абавязкова патрабуюць, згодна гэтым Артыкулам Канфедэрацыі, дазвол дзевяці Штатаў.

XI.

Канада можа ўвайсці ў склад канфедэрацыі, далучыўшыся да Злучаных Штатаў, і карыстацца ўсімі магчымасцямі, якія дае гэты Саюз, але ўваход якой-небудзь іншай калоніі магчымы толькі з дазволу дзевяці Штатаў.

XII.

Усе крэдытныя білеты, якія выпускаюцца ўладай Кангрэса, а таксама грошы, пазычаныя ад імя Кангрэса Злучаных Штатаў у згодзе з канфедэрацыяй, разглядаюцца як плацежны абавязак, які Злучаныя Штаты ўрачыста прысягаюць вярнуць і выплаціць.

XIII.

Усе Штаты павінны выконваць распараджэнні Кангрэса па ўсім пытанням, якія канфедэрацыя перадала ў веданне Злучаных Штатаў. І кожны Штат абавязаны непарушна выконваць гэтыя Артыкулы Канфедэрацыі, а Саюз павінен быць вечным; нельга ўносіць якіянебудзь папраўкі ў гэтыя артыкулы без атрымання згоды Кангрэса Злучаных Штатаў і паследуючага зацвярджэння змяненняў заканадаўчымі ўладамі кожнага Штата.

І паколькі Вялікаму Ўладару свету было заўгодна схіліць сэрцы кіраўніцтваў Штатаў, якія мы адпаведна прадстаўляем ў Кангрэсе, падтрымаць вышэй названыя Артыкулы Канфедэрацыі і вечны Саюз і ўпаўнаважыць нас ратыфікаваць іх, хай будзе вядома, што мы, дэлегаты, якія падпісаліся ніжэй згодна атрыманым на гэта паўнамоцтвам, ад імя сваіх выбаршчыкаў поўнасцю ратыфікуем і зацвярджаем кожны з Артыкулаў Канфедэрацыі і вечны Саюз, і ўсё, аб чым гаворыцца ў гэтым дакуменце. Таксама мы даем урачыстую прысягу ад імя нашых выбаршчыкаў, што яны будуць падпарадкоўвацца рашэнням Кангрэса Злучаных Штатаў па ўсім пытанням, якія канфедэрацыя перадала ў веданне Злучаных Штатаў. І кожны Штат, які мы прадстаўляем, абавязаны непарушна выконваць гэтыя Артыкулы Канфедэрацыі, а Саюз павінен быць вечным.

У сведчанне гэтага мы ставім тут, у Кангрэсе, свае подпісы. Дакумент складзены ў Філадэльфіі ў Штаце Пенсільванія ў дзявяты дзень ліпеня адна тысяча семсот семдзясят восьмага года ад нараджэння Госпада або ў трэці год незалежнасці Амерыкі 9.

Пераклад Андрэя Берастоўскага

9 Дакумент пачаў дзейнічаць пасля ратыфікацыі штатам Мэрылэнд 1 сакавіка 1781 г.

17