Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Якраз у часы мікалаеўскага ураду, у 1833 годзе, амаль што пасьля 200-гадовага перарыву (1649—1833), была канчаткова зроблена кодыфікацыя рускага права. Над гэтым працаваў лібэрал аляксандраўскіх часоў, што потым пакаяўся ды стаў тыповым чыноўнікам мікалаеўскай эпохі, вядомы Сьперанскі. Раней ён сабраў усе юрыдычныя матар'ялы і разлажыў іх у хронолёгічным парадку. Пасьля гэтай падгатоўчай працы сабралася 45 томаў «Полного собрания законов Российской империи». Потым Сызранскі зрабіў сыстэматызацыю сабраных матар’ялаў па асобных відах праступкаў, выбіраючы толькі тыя законы, якія былі прыстасованы да сучаснага яму жыцьця. Такіх законаў набралася 15 томаў; яны былі выдадзены пад назваю «Свод законов Российской империи».

Пасьля таго, як імпэрыя атрымала «Свод законов», яна пашырыла яго па сваім абшары. У 1834 годзе, па распараджэньні ураду, Літоўскі Статут быў скасаваны ды заменен агульнарасійскім «Сводом». Гэтая замена пагоршыла судовую справу на Беларусі. Найперш за ўсё, па заяве самога Сьперанскага, «Свод» ня быў яшчэ апрацован да канца; яго трэба было яшчэ раз пераглядзець, значна скараціць і зрабіць больш цэльным і зьвязным. Апроч таго, «Свод» ня мог адпавядаць умовам і абставінам бягучага жыцьця на Беларусі, бо ўзрос і быў апрацован на грунце быту цэнтральнай Расіі.

А цікава адзначыць, што Беларусь мела ў гэты самы час апрацованы для яе і адпаведны умовам яе жыцьця зборнік законаў. Вядомы вучоны юрысты таго часу, профэсар Віленскага унівэрсытэту І. Даніловіч, доўга працаваўшы над нормамі мясцовага права, прыгатаваў для друку так званы «Западный Свод законов». У аснову гэтага «Своду» якраз былі паложаны нормы старажытнага беларускага права, на каторых утварыўся Статут Вял. Княства Літоўскага. Гэты зборнік лепш быў апрацовак чым «Свод» Сьперанскага, і больш адпавядаў умовам беларускага жыцьця. Урад Мікалая І забракаваў працу Данілевіча, як працу «польскага» характару, і Беларусь ніколі так і не пабачыла «Заходняга Своду законаў».

Ліквідацыя царкоўнай вуніі 1596 году.

У 1596 годзе ў Берасьці адбылася вунія праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай з дзяржаўнай у Польшчы рымска-каталіцкай царквою. Акт вуніі адбыўся даволі скандальна. Царкоўны сабор, каторы быў склікан для злучальнай працы, праходзіў вельмі бурна, ніяк ня мог злучыць дзьве стараны—пріхільнікаў і праціўнікаў вуніі—і ўрэшце разьбіўся на дзьве часткі, кожная з каторых абвясьціла сябе самастойным саборам. Адзін з сабораў даводзіў канечную патрэбу вуніі, другі лічыў яе актам здрады ў адносінах да праваслаўя. Абодва сабо