Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ры рабілі свае пасяджэньні асобна і да канца засталіся кожны пры сваёй думцы. Вуніяты абвясьцілі анатэму і лішылі сану тых епіскапаў, каторыя не згаджаліся на прыняцьце вуніі, а прыхільнікі чыстага праваслаўя зрабілі тое самое ў адносінах да сваіх праціўнікаў.

Што датычыць да ураду Рэчы Паспалітай, то ён цьвёрда стаў на бок вуніятаў, пачаў лічыць вунію адбытым фактам, падтрымліваў вуніятаў епіскапаў і абвясьціў праваслаўе нелегальнай верай. Праваслаўных пачалі гнаць і адбіраць у іх цэрквы і манастыры з іх маёмасьцю для вуніятаў. Акт царкоўнай вуніі набраў, такім спосабам, політычнага характару. Царкоўная Берасьцейская вунія зрабілася простым працягам політычнай Люблінскай вуніі 1569 году. Урад і камандныя колы ў Польшчы былі зацікаўлены ня толькі ў тым, каб падданы-праваслаўны кідаў сваю веру, перарабляўся на каталіка ці вуніята і праз гэта кіраваўся ў нябеснае царства, але і ў тым, каб ён праз рэлігійную сувязь з дзяржаўнай верай Рэчы Паспалітай прымаў політыка-соцыяльны і культурны ўплыў Польшчы. Пры дапамозе вуніі з каталіцтвам трэба было адарваць праваслаўных падданых Рэчы Паспалітай ад царкоўнай падлегласьці ўсходу і маскоўскаму мітрапаліту ці патрыярху, бо з гэтай царкоўнай падлегласьцю ўсходу злучаўся маскоўскі культурны і політычны ўплыў.

Зусім зразумела, што пасьля далучэньня Беларуса да Расійскай імпэрыі, калі зьмянілася політычная сытуацыя, зноў павінна было стаць і пытаньне аб вуніі. У першую чвэрць сталецьця яно ня стала, толькі дзякуючы нявыразнасьці політыкі рускага ураду. У мікалаеўскую эпоху, паколькі на Беларусі было яскрава пастаўлена пытаньне аб яе русіфікацыі, то трэба было зьніштожыць вунію, каторая ў свае часы была ўтворана для полёнізацыі краю. Трэба было скасаваць вунію, каб вызваліць беларусаў вуніятаў ад царкоўнай падлегласьці заходняму епіскапу (рымскаму папе), а разам з тым ад культурнага і політычнага ўплыву Захаду і Польшчы, каторая й пасьля падзелаў лічылася небясьпечнай для Расійскай імпэрыі. У свой час, каб утварыць вунію, урад Рэчы Паспалітай яшчэ загадзя пастараўся знайсьці адпаведных для сваіх мэт епіскапаў, доўгімі поламі каторых і прыкрыў свае чыста політычныя мэты. Яшчэ за некалькі год да сабору (1591 г.) агэнты ураду, пусьціўшы ў ход экономічныя і політычныя абяцанкі, з'організавалі з праваслаўных епіскапаў энэргічную групу, каторая пачала з таго, што падала каралю Жыгімонту заяву аб прызнаньні імі старшынства рымскага папы, пад умоваю, каб у праваслаўнай царкве былі пакінуты ўсходня-грэцкія абрады. Кароль адобрыў такое іх пажаданьне. Тады, у 1595 годзе, на грошы ураду з граматамі караля і з пісаным актам вуніі прадстаўнікі патрэбнай ураду групы (Луцкі епіскап Кірыла Цярлецкі і Ўладзімерскі епіскап Іпаты Пацэй)