Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

па тым шляху, каторы сама яна спустошыла. У сярэдзіне лістапада адбываецца на Беларусі добра вядомая Бярэзінская катастрофа, якая зруйнавала дашчэнту францускую армію. Організованай арміі засталося толькі каля 10.000 чалавек, пры 24 гарматах. Рэшта, у некалькі сот тысяч чалавек, неорганізованым, галодным, разьдзетым і разутым натаўпам, як шаранча, пакрывае Беларусь. Беларусь перажывае ўсе жахі неорганізованага, масавага адступленьня шматтысячнай арміі. Раней каля Ашмян, потым каля Вільні пачынаюць сваю дзейнасьць партызаны Сеславіна. Лічачы ўсё мясцовае жыхарства хаўрусьнікамі французаў, яны вядуць сябе на Беларусі, як у забраным краі.

У канцы лістапада і пачатку сьнежня 1812 году на тэрыторыю Беларусі зноў увашла руская армія на чале з Кутузавым. Праўда, армія увашла ў меншым ліку, чым яна была тут першы раз. Яна налічвала ў сваім складзе каля 28.000 людзей, пры 200 гарматах. Матар'яльны стан рускай арміі быў кепскі, хоць яна і атрымала перамогу над Наполеонам. Што гэта так, відно з пісьма афіцэра таго часу: «Апроч двух-трох салдацкіх кашуль, ужо старых і нягодных, другой бялізны ў мяне амаль што няма. Пэнсія ўжо за цэлы год не атрымана. Дый што можна зрабіць з нашай пэнсіяй, калі за ўсю пэнсію, г. зн. за 280 рублёў, давалі ў Вільні 11 чырвонцаў, каторых ледзьве на два тыдні хапала, каб купіць на іх харчоў. (Бартенев. Бумаги, относящиеся к войне 1812 года, ч. І, стр. 85). Калі так жылі афіцэры, то аб салдатах і гаварыць ня прыходзіцца—ім жылося куды горш. Ясна, што армія у такім стане павінна была здабываць дадатковыя сродкі на сваё існаваньне на месцы і лягла вялікім цяжарам на зруйнаваны край.

Беларусь узімку 1812-13 году і вясною 1813 году яўляла з сябе смутны малюнак. Яна ўся была пакрыта трупамі, што засталіся ад вялікай імпэрыялістычнай вайны. Трупамі найчасьцей працоўнай масы ўсялякіх краёў і народаў, не выключаючы і самых беларусаў, былі ўсыпаны шляхі, лясы і палі краю. «Пачынаючы ад Вязьмы, а найбольш ад Смаленску да Вільні шлях быў пакрыт трупамі. Выпадкова я палічыў трупы на 1 вярсьце: іх было 101». (Записки о 1812 г. Н. Муравьев). «На працягу аднэй вярсты я налічыў 148 чалавечых трупаў і 76 конскіх». (Записки о 12 годе. Левенштерн). Перад вясною 1813 году, баючыся заразы, менскі губарнатар у мясцох бітваў і пераправы праз Бярэзіну спаліў 24.000 трупаў. У гэты-ж самы час у Вільні і яе бліжэйшых ваколіцах было спалена 80.000 трупаў. А вось перад намі малюнак Віленскага базыліянскага траецкага манастыру ў канцы кампаніі 12 году. «Усе дзіркі разьбітых вакон былі заткнуты рукамі, нагамі, тулавамі й галовамі мерцьвякоў, каб уратаваць жывых ад прытоку халоднага паветра. І ў гэтых памяшканьнях, напоўненых