Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і «гісторыограф» імпэрыі Карамзін. На іх погляд, Беларусь ёсьць «искони русский край», вотчына яшчэ маскоўскіх князёў, каторая павінна заўсёды заставацца за Расіяй. Такім спосабам, у самым пачатку XIX сталецьця вытвараюцца два процілеглыя погляды на Беларусь, каторыя потым на працягу ўсяго сталецьця будуць змагацца паміж сабою і зацямняць праўдзівую істоту беларускага пытаньня. З аднаго боку будзе громка крычаць «истинно-поляк» разам з рускімі лібэраламі, з другога боку—«истинно-русский», і за імі ня будзе чутно слабога голасу беларуса, каторы ня можа крычаць з прычыны рэальнага характару.

Погляд консэрватыўных кругоў на беларускае пытаньне ў пачатку цараваньня Аляксандра І не бярэцца пад увагу ў агульнай політыцы. Ён выплывае політычна крыху пазьней, калі скончыцца лібэралізм ураду. Пакуль што ў вышэйшых урадавых колах пануе погляд на Беларусь, які вытварыўся ў Інтымным Комітэце пад уплывам А. Чартарыскага.

Трэба сказаць, што ня толькі рускае грамадзянства, але і рускія вучоныя хоць і цікавіліся, але яшчэ зусім мала ведалі, што такое Беларусь і беларусы ў сваім мінулым і цяперашнім. Перад намі падарожныя запісы вучонага чалавека, акадэміка Расійскай Акадэміі Навук В. М. Севергіна, каторы ў 1803 годзе зрабіў навуковую падарожу па Беларусі, цікавячыся толькі што прылучаным краем. Запісы акадэміка зьявіліся ў друку ў дзьвюх кніжках, пад назвамі: 1) «Записки путешествия по западным провинциям российского государства» (1803 г.) і 2) «Продолжение записок путешествия» і г. д. (1804 г.). Севергін—выдатны вучоны свайго часу ў галіне мінэралёгіі і хіміі, апроч таго, ён наагул ставіў сваім заданьнем пазнаньне Расіі і пашырэньне вед сярод грамадзянства. Зразумела, што ў часы сваёй падарожы ён мог добра разабрацца ў пытаньнях, блізкіх да сваёй спэцыяльнасьці. Што датычыць другіх галін жыцьця Беларусі, то тут, ня гледзячы на сваю вучонасьць, ён зусім ня можа ў іх разабрацца. Ён даволі наіўна вызначае, што на Беларусі ёсьць нават праваслаўныя цэрквы. Яго, незнаёмага з гісторыяй Беларусі, гэты факт вельмі дзівіць; таксама дзівіць і тое, што набажэнства ў гэтых цэрквах надта падобна на набажэнства, якое адпраўляецца ў цэрквах цэнтральнай Расіі; што рызы тутэйшых папоў падобны на рызы папоў у Расіі; што чытаюць і сьпяваюць на Беларусі па такіх самых славянскіх кнігах, як і ў Расіі. Тым ня менш, акадэмік зусім неспадзявана для нас называе ўсіх насельнікаў Беларусі схізматыкамі. Відаць, што аўтар зусім не зразумеў быту Беларусі, які вырас на рэальных умовах мінулага жыцьця.

Як зазначалася раней, адносіны новага аляксандраўскага ураду да Рэчы Паспалітай, а ў тым ліку і да Беларусі, ёсьць па настрою