Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мяса і пірог. Нічога ён на сябе ня робіць, бо на яго працуюць дзесяткі служак. Зразумела, што ад такога жыцьця ён толькі таўсьцее; «рукі яго, як падушкі, як кісель дрыжыць жывот». Разам з панам знаходзіцца улада і царква, каторыя таксама зьяўляюцца ворагамі сялянскай беднаты: «асэсар зганяе, зьдзірае і муча нас досьць, а поп сабе так-жа дзярэць з нас бывала».

Інтэлігент належыць таксама да соцыяльнай групіроўкі паноў. Вопратка яго панская. Ходзіць ён «у храку», у кашулі белай, «як той сьнег, як папер». І праца яго чыстая, ад каторай ня бывае мазалёў на руках. Тым ня менш, да гэтага інтэлігента аўтар зьвяртаецца ад імя селяніна, заклікаючы яго на працу для народу. Аўтар кажа: далонь мужыка пакрываюць мазолі, ходзіць ён у грубой сярмязе, у прапацелай, тыдзень нямытай кашулі; жыве ён у бруднай і цёмнай хаце, каторая «і цячэ, і гніе, і крывая». І вось дзеля ўсяго гэтага інтэлігэнт павінен ня цурацца селяніна, а падаць яму руку дапамогі, давясьці да простага, торнага шляху, каб ён ня блудзіў сярод лому і тых калючак, каторыя, «раняць ногі й сэрца», раджаючы ў ім «злосьць і ненавісьць». Ты, інтэлігэнт, «пазнаў, што ў кніжках стаіць,—а там розуму шмат ад вякоў, і ўсё можаш па ксёнжках рабіць. А дзе-ж ксёнжка для нас—мужыкоў?» Гэтай «ксёнжкі», «ксёнжкі», зразумелай для селяніна зьместам і мовай, няма. Інтэлігэнт павінен утварыць яе, а пакуль яна ня ўтворана, замяніць яе сваім вусным словам.

Ад цяжкай працы, ад гарамычнага жыцьця ў голадзе і холадзе выраджаецца й вымірае беларускі селянін, а разам з ім вымірае фізычна й культурна беларускі народ, прадстаўлены сялянствам. Вось чаму засмучана сэрца песьняра. Вось чаму дудка песьняра ніяк ня зможа зайграць вясёлых мэлёдый. Сорак год б’ецца пясьняр, як тая рыба аб лёд, і ніяк ня зьвернецца, ніяк не патрапіць на кроплю такой вадзіцы з такой крыніцы, «што як хто нап'ецца, дык вольным стаецца». Пясьняр грае на «смутнай жалейцы», каторая як зайграе, то аж жудасна стогне зямля. Плачуць вочы песьняра, плача яго дудка-жалейка над нявыносна-цяжкай доляй народу, над яго выміраньнем. Багушэвіч зьвяртаецца да сваёй дудкі з такімі горкімі словамі:

Што дзень і што ночы
Плач, як мае вочы.
Над народу доляй,
І плач што раз болей!
Плач так да астатку,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень другі і трэці,
Іграй сьлёзным тонам
Над народу сконам!