Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маскалі прышлі» і інш. Усе вышэйпаказаныя творы маюць выразную рускую орыентацыю ў беларускім пытаньні. Ува ўсіх іх старанна падчыркваецца факт, што вызваленьне сялян на Беларусі зьдзейсьніваецца толькі дзякуючы народалюб'ю расійскага ураду. Зразумела, што вызваленьне сялян апісваецца ружовымі фарбамі. Вызваленьне зробіць селяніна зусім вольным чалавекам і забагаціць яго. За такія добрадзеяньні ў адносінах да яго селянін павінен дзякаваць рускаму ўраду. Акт аб вызваленьні ўжо напісан і падпісан царом, але вызваленьне можа быць рэалізавана памалу, паціху. Трэба цярпліва чакаць яго поўнага зьдзейсьненьня, не абурацца і ня слухаць агітатараў, каторыя падбухторваюць сялян, каб яны адразу забралі панскую зямлю і кінулі прыгонную працу на пана. Пад агітатарамі творы разумеюць беларускіх чырвоных паўстанцаў-народнікаў, бо белыя паўстанцы, па зразумелых для нас прычынах, такой агітацыі вясьці не маглі. Яны, як паны, былі ярымі ворагамі чырвонай агітацыі і чырвоных агітатараў. У гэтым пункце белы паўстанец папрыяцельску падаваў руку мураўёўскаму ураду. Калі белы паўстанец ідэалізуе пана і панскі лад жыцьця, то тое самае робяць і творы казённа-рускага кірунку. Непадобнасьць іх заключаецца толькі ў тым, што кожны з іх разумее свайго пана, першы—польскага, другія—рускага. «Мова Старавойта» так хваліць пана: «Паны цару і краю служаць, у савеце і з царом сядзяць, за ўсіх нас думаюць і тужаць». Каб не паны, мужыку зусім ня было-б жыцьця. Усё гора ў самым селяніне: ён любіць гарэлку, ён вядзе гультайскае жыцьцё, ня мае розуму і г. д. Аўтар нават баіцца, што пасьля волі сяляне надта забагацеюць, і тады яны стануць яшчэ горшыя.

Адным словам, паўстаньне 1863 году з двух бакоў падымае беларускі рух, як гэта было і ў 1831 годзе. Розьніца тая, што цяпер беларускі рух зрабіўся больш глыбокім, дзякуючы яго моцнай сувязі з народніцкай програмай Каліноўскага і чырвоных паўстанцаў. Політычны рух прышоў да прызнаньня незалежнай Беларусі. Літаратурныя творы ў беларускай мове пачалі пашырацца. Пашырэньне беларускіх твораў павінна было прыпыніцца, дзякуючы вышэйпамянёнаму загаду 1867 году, на аснове каторага было забаронена друкаваць пабеларуску. З гэтага часу легальна могуць зьяўляцца творы аб Беларусі толькі ў рускай мове. Да гэтых твораў мы і прыступаем.

Цікавасьць да Беларусі рускіх вучоных.

Як відно з ранейшага, паўстаньне 1863 году ізноў востра паставіла пытаньне аб Беларусі. Што гэта за край такі Беларусь? Які гэта народ беларусы? Белыя паўстанцы даказвалі, што Беларусь ёсьць проста провінцыя Польшчы, крэсы польскія. Чырвоныя паўстанцы глядзелі на Беларусь, як на краіну самабытную і незалежную. У тым і другім