Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кага селяніна да сябе. Трэба дабіцца лепшай долі, а для гэтага трэба прагнаць маскаля з беларускага краю і атрымаць «праўдзівую вольнасьць». Праўдзівая вольнасьць чырвоных не падобна ні на вольнасьць белых паўстанцаў, ні на вольнасьць, каторую дае царскі урад. Цар загаварыў аб вольнасьці пад націскам бунтаў. «Цар з Сэнатам, паталкаваўшы, як мінула трывога, так і аб'явіў, замест вольнасьці, маніфэст, а ў маніфэсьце прыказвае мужыком служыць да часу паншчыну па- старому, а пановаму плаціць больш грошай у скарб на пісароў, пасрэднікаў ды і чорт іх ведае на што. Судзіце-ж цяпер самі, чы-ж не ашукваюць нас? Але не надоўга здасца ім круціцельства, бо, як я казаў, мы ўжо пазналі, што нам не маніфэстаў, а вольнасьці патрэба, і то вольнасьці не такой, якую нам цар схоча даці, але якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробім» («Мужыцкая праўда», № З).

Тут-жа вызначана, што павінен разумець селянін пад праўдзівай вольнасьцю. Чалавек вольны тады, калі без усялякага выкупу атрымоўвае для сябе кавалак панскай зямлі, аброку ня плаціць, паншчыны не адбывае, рэкрутаў не дае і г. д. Адным словам, соцыяльная програма чырвоных намалёвана яскравымі, зразумелымі селяніну словамі. Яна вызначае інтарэсы беларускага селяніна.

І чырвоным прыходзіцца ў адозвах гаварыць аб богу й веры. Прыходзіцца лічыцца з тым, што мазгі селяніна атручаны рэлігійнаю атрутаю. Але й тут чырвоныя не падобны да белых. Яны абараняюць не каталіцтва і не праваслаўе, а вуніяцкую веру, каторая была ў опозыцыі да каталіцтва і праваслаўя. Калі каталіцтва несла за сабою полёнізацыю, а праваслаўе—русіфікацыю, то вунія была нацыянальнай беларускай верай. Абараняючы вунію, чырвоныя абаранялі ня столькі веру, колькі нацыянальную самабытнасьць беларускага народу.

Політычная програма відна з двух лістоў Каліноўскага. У другім сваім лісьце Каліноўскі, зьвяртаючыся з-пад шыбеніцы маскоўскай да сваёй бацькаўшчыны «галубкі -Беларусі», кліча беларускага селяніна абараняць яе, гэтую шэрую мужыцкую Беларусь, «дзе няма шляхты, дзе ўсе роўныя». Замест трох польскіх і трох рускіх кітоў, чырвоныя паўстанцы выстаўляюць свае тры лёзунгі: вуніяцтва, мужыцка-народніцкая Беларусь і беларуская народнасьць.

У процівагу белай і чырвонай паўстанцкай літаратуры, каторая адрывала Беларусь ад Расіі, павінна была зьявіцца і зьявілася казённая ўрадавая літаратура ў беларускай мове. Яна выяўляла процілежныя політычныя пажаданьні. Беларусь ёсьць «искони русский край», і загэтым нідзе Беларусі так ня можа быць добра, як у Расійскай імпэрыі. Да такой беларускай літаратуры трэба аднесьці творы Апанаса Кісяля (Франца Блуса)—«Бяседа старога вольніка» і «Мова Старавойта», затым бязыменныя вершы—«Быў на Русі чорны бог», «Ой, калі-б, калі