Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кн. А. Галіцын—3.152 душы і г. д. За невялікі тэрмін, у якія-небудзь пятнаццаць год на Беларусі было ўтворана для катарынінскіх вяльмож 107 маёнткаў, у якіх налічвалася 94.160 сялян. Праз нейкі час новыя шчодрыя раздачы ня толькі поўнасьцю пакрылі, але нават значна пераважылі лік атрыманых ад сэквэстру ў скарб сялянскіх душ.

Палажэньне беларускага сялянства пры інкорпорацыі Беларусі ў Расійскую імпэрыю нічым не зьмянілася, а потым, з цягам часу, паступова пачало яшчэ больш пагаршацца. Вольнае сялянства старажытных часоў Літоўска-Беларускага гаспадарства к канцу XVIII сталецьця зьнікла. Сяляне гэтага часу дзяліліся на дзьве няроўныя групы: большую групу складалі прыватнаўласьніцкія сяляне, меншую групу — скарбовыя (казённыя) сяляне. Палажэньне апошняй групы было крыху лепшае, чым палажэньне групы прыватнаўласьніцкіх сялян. У скарбовых сялян зямельныя надзелы былі большыя, а павіннасьці і абавязкі меншыя. Апрача таго, над імі ня было такога панскага зьдзеку і гвалту, каторы з дню ў дзень цярпелі сяляне прыватнаўласьніцкія. Паншчына адбывалася абедзьвюма групамі. У скарбовых дварох паншчына займала 3-4 дні на тыдзень, у панскіх маёнтках яна даходзіла з З дзён да 7 дзён на тыдзень. У некаторых панскіх дварох, такім чынам, сяляне ўлетку зусім ня мелі сьвяточнага адпачынку. Што датычыць да павіннасьцяй сялян, то яны былі падвойныя: павіннасьць працаю і павіннасьці натураю. Да працоўных павіннасьцяй належалі: фурманачная (падача пану патрэбнага яму ліку фурманак), вартаўнічая (варта панскага дабра), мастовая і падарожная (папраўка шляхаў і мастоў), аблаўная, невадная, вымалатачная і памольная (абавязак вымалаціць і змалоць панскае збожжа) і г. д. Павіннасьці натураю складаліся з чыншавых падаткаў пану хлебам, дамоваю жывёлаю і птаствам, маслам, салам, яйкамі і г. д. Кожны крок селяніна, кожная падзея з яго гаротнага жыцьця злучаліся з якім-небудзь абавязкам на пана.

Апроч экономічнага боку, беларускі селянін быў у поўнай юрыдычнай залежнасьці ад пана, кім-бы апошні ні быў—ці польскім шляхціцам, ці рускім вяльможам. Юрыдычна гаспадарства ня знала прыватнаўласьніцкага селяніна, і ён ня меў беспасрэдных адносін да дзяржавы. Пан быў для свайго селяніна ўсім—і судзьдзёю і адміністратарам. У 1773 годзе урадам Катарыны ІІ быў выдадзены закон, на падставе каторага ўсякі пан атрымліваў права караць селяніна ўва ўсіх здарэньнях паводле свайго погляду. Паны тлумачылі гэты закон у свой бок і прыдавалі яму такі сэнс, што яны маюць поўнае права караць сялян нават караю на сьмерць. На гэтай глебе вырасталі такія пышныя кветкі панскага ўціску і самадурства, як добра вядомая ўсім Салтычыха ў Расіі. Селянін, апроч таго, ня меў ніякага права нават паскардзіцца прадстаўніком улады на свайго пана, бо урадам тэй самай Ка-