Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

добра акуплена соцыяльна-экономічнымі прыбыткамі Кароны Расійскай. Шляхціц і магнат, як і раней, засталіся панамі, у руках каторых знаходзіліся ўсе выгады ад эксплёатацыі запрыгоненага сялянства. У новай дзяржаве вельмі хутка яны пачалі адчуваць сябе, як дома. Ураду Катарыны ІІ ад шляхты прылучаных беларускіх зямель быў пададзен адрас. Там, паміж іншым, сказана: «Жывучы ня ў Польшчы, мы адчуваем сябе, як-бы ў Польшчы і нават лепш, як у Польшчы». І трэба сказаць, што панства не памылялася. Справа ў тым, што ў Рэчы Паспалітай, пад уплывам францускай рэволюцыі ў канцы XVIII сталецьця, ужо зьявіліся рэформістыя буржуазна-дэмократычнага кірунку. Яны падымалі пытаньне аб соцыяльных і політычных рэформах, у тым ліку і аб сялянскай рэформе. Што датычыць да Расійскай імпэрыі, то сюды ўплывы францускай рэволюцыі папалі куды пазьней, і Расія гэтага часу была далёка ад якога-б то ні было рэформізму. Галасы Новікава і Радзішчава былі зусім няпрыметныя. Шляхту на Беларусі ў новым гаспадарстве ня пужала страшная здань вызваленьня сялян. Шляхта магла быць спакойна.

Толькі невялікая частка шляхты, якая засталася вернаю старому польскаму патрыотызму, не скарыстала «сваіх выгад» і не магла адчуваць сябе ў Расіі, як дома.

Гэта былі найчасьцей шляхціцы-рэформістыя, а часамі і магнаты. Яны не паслухалі загаду прыняць на працягу трох месяцаў прысягу на вернасьць рускаму ураду. Пасьля таго, як назначаны тэрмін скончыўся, яны павінны былі пакінуць межы Расіі, і на іх маёнткі была назначана сэквэстрацыя, г. зн. яны былі ўзяты ў скарб. З шляхецкіх фамілій, што пакінулі Расію ды выехалі ў эміграцыю, нам вядомы, напрыклад, Радзівілы, Агінскія, Чартарыскія, Сапегі, Салагубы і іншыя. Пасьля іх выхаду, у скарб імпэрыі адышло 51 маёнтак, з 110.357 сялянскімі «душамі». Такім спосабам, больш за сто тысяч сялян з прыватнаўласьніцкіх зрабіліся скарбовымі. Калі-б так засталося й надалей, то можна было-б сказаць, што палажэньне гэтых сялян палепшылася, бо, наагул, палажэньне скарбовых сялян было лепшае ад палажэньня сялян прыватнаўласьніцкіх. Але урад вельмі хутка «паправіўся». Атрыманыя ад ранейшых паноў у скарб землі з сялянамі ён сьпешна пачаў раздаваць новым, рускім паном за розныя іх «заслугі» перад тронам. Дзякуючы гэтаму, побач з старым польскім земляўласьніцтвам, на Беларусі пачало расьці новае рускае земляўласьніцтва, каторае зноў узяло ў свае рукі толькі што забраных у скарб беларускіх сялян. Асабліва вялікія падарункі дасталі ад ураду фаворыты Катарыны, каторых, як мы ведаем, было шмат, бо яны часта мяняліся. Князь Пацёмкін Таўрыдзкі дастаў 14.227 душ, граф Румянцаў—13.326 душ, гр. Чарнышоў—5.071, гэнэрал Завадоўскі—4.734, граф Мікіта Панін—3.090, Елагін—3.712,