Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

койна, з глыбокаю вераю ў правату сваёй справы, яны загінулі на эшафоце: Здановіч і Дарміноўскі ў сьнежні 1863 г., а Дылеўскі—у студзені 1864 году.

Хутка ўлада напала на сьлед Малахоўскага. Каб па яго сьляду сышчыкі не напалі на сьлед рэштак організацыі, ён павінен быў пакінуць Вільню. Акольнымі шляхамі ён дабраўся да Пецярбурга, але й адсюль павінен быў выехаць заграніцу.

Застаўся адзін Каліноўскі. Пераконаны ў правільнасьці сваіх поглядаў, сьмелы, энэргічны, вытрыманы, ён усё яшчэ спадзяваўся падняць працоўныя беларускія масы проці польскага пана і рускага самаўладцы. Ён нанава організуе атрады, падтрымоўнае старыя, знаходзіць усё новых і новых супрацоўнікаў, піша і пашырае адозвы і г. д.

Што ні тыдзень прыходзіцца яму мяняць сваё прозьвішча, што ні дзень — сваю кватэру і вопратку. Усе спробы злавіць яго канчаюцца няўдачай, бо сялянства і гарадзкія нізы даюць яму прыпынак, ня гледзячы на тое, што ім за гэта пагражае цяжкая кара. Каліноўскі чакае вясны, каб зноў распачаць паўстаньне, але ўжо бяз белых, апіраючыся на працоўныя гушчы Беларусі. Ён у сваіх адозвах зьвяртаецца да паўстанцаў, просячы іх пацярпець да цёплых дзён вясны, калі лік іх зноў павялічыцца і лясы дадуць лепшы прытулак.

Але здрада не драмала. Думаючы, што Цэнтральны Паўстанцкі Комітэт знаходзіцца ў Менску, Мураўёў у студзень 1864 г. паслаў туды на разьведку спэцыяльную комісію на чале з жандарам Лосевым. Комісія напала на сьлед мясцовай менскай падпольнай арганізацыі. Пачаліся арышты. Сярод арыштаваных знаходзіўся шляхцюк Парфіяновіч, каторы ведаў, як знайсьці чырвонага дыктатара. Жандармэрыя