Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чаць навучаць усім хітрыкам кокецтва. Апроч таго, усе гэтыя ваенныя цацкі могуць сапсаваць у ім тое, што павінна быць першым яго заданьнем». Такім першым заданьнем насьледніка на думку Жукоўскага, павінен быць гуманны настрой. Аб гэтым ён пісаў і ў спэцыяльным вершы на нараджэньне Аляксандра ІІ: «Да на чреде высокой не забудет святейшего из званий—человек».

Пасьля таго, як настаўнікі скончылі з насьледнікам курсы самых патрэбных навук, было пастаноўлена, каб будучы цар беспасрэдна пазнаёміўся з об'ектам свайго кіраваньня. Для гэтай мэты была організавана падарожа Аляксандра ІІ па Расіі. Яму таварышавалі Жукоўскі, Кавелін і ад'ютант Юрэвіч. Па дарозе організуюцца сэнтымэнтальныя спатканьні і провады будучага манарха пры дапамозе паноў і поліцыі, каторыя зганялі для гэтага ў назначаныя месцы запрыгоненых «пейзанов і пейзанок». Паезьдзіўшы па Эўропэйскай Расіі, насьледнік у 1837 годзе зрабіў падарожжу па Сібіры да Табольску. Будучы ў Сібіры, Аляксандр ІІ спаткаўся з некаторымі высланымі сюды дзекабрыстымі. Яны прасілі яго і яго спутнікаў палепшыць іх долю. Лібэральны настрой насьледніка і Жукоўскага ў адносінах да дзекабрыстых выявіўся ў заступніцтве за іх. Пад дыктоўку настаўніка, Аляксандр ІІ піша ліст да свайго бацькі, у каторым паміж іншым сказана: «Мне было-б надзвычайна прыемна, мілы і бясцэнны айцец, каб мой прыезд прынёс гэтым няшчасным палягчэньне ў іх долі». Трэба згадзіцца, што заступніцтва за політычных праступнікаў, каторыя былі прадвесьнікамі буржуазнага лібэралізму, характарызуе добра будучага цара. Трэба было быць лібэралам, каб адважыцца на гэта. Справа ў тым, што Мікалай І бяз гневу і абурэньня ня мог успамінаць дзекабрыстых, і гаварыць аб іх значыла страціць царскую ласку. Цікава тое, што на гэты раз ліст сваёй мэты дасяг, і лібэралы-рэволюцыянэры 20-х гадоў атрымалі некаторыя, хоць і нязначныя, палягчэньні. На другі год (1838) насьледнік паехаў абглядаць Эўропу, дзе ён цікавіцца ладам заходніх гаспадарстваў і іх установамі.

Такім спосабам, у часы мікалаеўскай рэакцыі будучы цар гадуецца ў сантымэнтэльна-лібэральным кірунку, чаго вымагае ідучы на зьмену гандлёваму капіталізму прамысловы капіталізм. Зразумела, што гэты вельмі павярхоўны лібэралізм будзе неразрыўна злучан і ў асобе Аляксандра ІІ, і ў жыцьці з перажыткамі фэадальнай рэакцыі мікалаеўскай эпохі, тым ня менш, ён усё-ж такі адзначыць пачатак другой палавіны сталецьця, ня зусім падобнай на першую.

У 1856 годзе адбыўся ў Парыжы мір, зьліквідаваўшы спадчыну Мікалаеўшчыны, крымскую вайну. Пачалі адчувацца новыя павеі. Старое фэўдальнае дваранства трывожна настаражылася. Лібэральная буржуазія спаткала новы настрой ураду з ружовымі падзеямі. Яна