Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вы паслаў на конфірмацыю цара. Мікалай І на адпаведных пунктах журналу 27 сакавіка 1840 году палажыў рэзолюцыю, у каторай, паміж іншым, было сказана: «Лічу, што магчыма рашуча прыказаць увесьці ў панскіх маёнтках тыя інвэнтары (гэта значыць—люстрацыі), каторымі сам урад здавольваецца ў сваіх арэндных маёнтках. Калі ад гэтага будзе некаторае зьмяншэньне праў паноў-земляўласьнікаў, то яно беспасрэдна датычыць іх прыгонных людзей і ніякім спосабам не павінна супыняць добрай мэты ўраду».

У сакавіку 1842 году законапроэкт аб «абязаных» сялянах быў пастаўлен у Гасударственым Савеце. Цар у сваёй прамове сказаў, што указ, з аднаго боку, не адбірае ў землеўласьнікаў зямлі, а з другога боку—ня робіць сялянства безьзямельным пролетарыятам. Прынцыпу абавязковасьці для ўсіх паноў указ ня мае, і выпаўненьне яго залежыць ад іх добрай волі. Такім чынам, мы бачым, што цар, параўнальна з 1840 годам, ужо пачынае біць адбой. Адзін з членаў Савету (кн. Д. Галіцын) дадаў, што ўказу трэба надаць прынцып абавязковасьці. На гэта цар адказаў, што хоць ён і самаўладны цар, але такога кроку ня можа зрабіць. Указ быў абнародаваны ў красавіку 1842 году. Паны спачатку крыху спалохаліся ўказу, але хутка супакоіліся, бо зразумелі значэньне яго. Сярод сялянства ўказ падняў чуткі аб вызваленьні, што яшчэ больш паднімала абураных сялян.

Сялянская справа ішла ўперад надзвычайна ціха. У красавіку 1844 году быў выдан царскі ўказ аб утварэньні інвэнтарных комітэтаў у заходніх губэрнях імпэрыі. Кожны такі комітэт павінен быў складацца з 4 ураднікаў цэнтральных губэрскіх устаноў і трох шляхціцаў-земляўласьнікаў. Ураднікі назначаліся ў комітэт губэрнатарамі, а землеўласьнікі абіраліся шляхецтвам губэрні. Старшынства ў комітэце меў губэрнатар. Комітэты ў заходніх губэрнях былі, такім спосабам, больш чыноўніцкімі, чым землеўласьніцкімі, што залежала ад недавер'я ураду да польскага панства, каторае прымала удзел у польскім паўстаньні 1831 году. Комітэт павінен быў разглядаць тыя інвэнтарныя сьпісы, каторыя падаваліся яму землеўласьнікамі. Найчасьцей гэтыя інвэнтары прымаліся комітэтамі бяз усякіх рэальных паправак. Зразумела, што інвэнтары складаліся панамі так, каб яны адпавядалі іх уласным, а не сялянскім інтарэсам. Землеўласьнікі, апроч таго, апіраючыся на неабавязковасьць для іх указу 1842 году, стараліся зацягнуць справу і не падавалі ў комітэты інвэнтарных сьпіскаў. Вельмі часта адміністрацыя сама павінна была складаць інвэнтары за рахунак земляўласьнікаў, калі апошнія адмаўляліся з тых ці іншых прычын складаць інвэнтары ў сваіх маёнтках. Такія чыноўніцкія інвэнтары таксама не маглі адпавядаць сялянскім інтарэсам. Пачынаючы з 1844 г., інвэнтары на Беларусі пісаліся аж да 1852 году, не даючы сялянству