Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

разнастайная. Цяпер была ўведзена цьвёрдая плата, якая падлягала скарбоваму кантролю. Кіраўнік скарбовай маёмасьці меў права, як і раней, караць селяніна, але цяпер кара накладвалася па суду, а не па асабістым поглядзе кіраўніка. Суд звычайна адбываўся ў так званых «сельских расправах», каторыя былі ўтвораны ў скарбовых пасёлках. Хоць і далей гвалты ў адносінах да скарбовых сялян не прыпыніліся зусім, але ўсё-ж такі люстрацыя ў некаторых мясцох крыху палепшыла іх палажэньне, устанавіўшы нейкія прававыя нормы. Што датычыць усёй скарбовай сялянскай масы, то яна мала скарыстала з гэтых норм, дзякуючы агульным умовам самадурскай мікалаеўскай эпохі.

Потым загаварылі і аб прыватнаўласьніцкіх сялянах, палажэньне якіх пагражала імпэрыі вялікай небясьпекай. Кісялёў падаў ураду дакладную запіску, дзе ён падышоў да гэтага пытаньня вельмі асьцярожна. Кісялёў лічыць, што вызваленьне сялянства без надзяленьня яго зямлёю ўтворыць значны лік бабылёў-пролетараў, чаго не павінна быць. З другога боку, калі пры вызваленьні даць сялянам надзелы, то гэта зусім аслабіць экономічную і разам з тым політычную вагу дваранства. Трэба было знайсьці такі шлях, каб былі воўкі сыты і авечкі, хоць для вока людзкога, былі цэлы. У сваёй запісцы Кісялёў Ё. У. прапанаваў: памешчыкі павінны зьберагчы за сабою права ўласнасьці на зямлю, а сяляне павінны атрымаць асабістую вольнасьць. Паны наразаюць «вольнаму» сялянству ў карыстаньне дзялянкі зямлі, за што яно абавязана нясьці паншчыну і павіннасьці ў адносінах да пана. Павіннасьці вызначаюцца ў асобных інвэнтарох. Разьмер зямельных дзялянак вызначаецца ня ўрадам, а самым панам, таксама вызначаюцца і павіннасьці. За панамі астаецца адміністрацыйная ўлада над сваімі сялянамі. Усе лясы і ветраное багацьце зямлі знаходзіцца ў руках паноў. Сяляне, стаўшыя ў такія адносіны да пана, атрымліваюць назву «абязаных» сялян. Кісялёў раіў як найхутчэй прыступіць да ўлажэньня інвэнтароў у прыватнаўласьніцкіх маёнтках. Інвэнтарныя запісы ў панскіх дварох па зьместу, прыблізна, раўняліся люстрацыйным сьпісам скарбовых маёнткаў. У іх павінна было быць вызначана: 1) зямельны фонд маёнтку, 2) расклад дзялянак зямлі па сялянскіх дварох, 3) абавязкі сялян у адносінах да пана. Для Беларусі інвэнтарныя запісы ня былі новасьцю. Яны існавалі тут яшчэ з часоў Рэчы Паспалітай. Яшчэ тады яны мелі на ўвазе выясьніць разьмер сялянскага надзелу і лік рабочых рук, платы і павіннасьцяй з надзелу. У даўнейшыя часы інвэнтарныя запісы мелі практычнае значэньне, але з цягам часу, калі прыгон стаў узмацняцца, яны згубілі сваё значэньне, бо яны, з аднаго боку, застарэлі, а з другога боку—паны з імі зусім ня лічыліся.

Запіска Кісялёва была аддадзена на разгляд аднаго з «Сакрэтных Комітэтаў». Комітэт згадзіўся з пропозыцыяй Кісялёва і свае пастано