Перайсці да зместу

Старонка:Гістарычная думка (1956).pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

агульнаруская ідэалогія. У гэты перыяд усе рускія землі яшчэ імкнуліся да Кіева, за якім яны прызнавалі вялікую сілу і ў якім бачылі свайго абаронцу ад знешніх ворагаў. Таму мясцовыя летапісцы стараліся падкрэсліць у сваіх запісах тыя рысы гісторыі, якія маглі ўмацаваць у чытача думку аб неабходнасці адзінства рускай зямлі і аб адвечных сувязях паміж асобнымі яе часткамі. Нават расказваючы аб дрэнных учынках некаторых кіеўскіх князёў, напрыклад, аб суровай расправе Владзіміра з Полацкім князем Рогваладам, забойстве Рогвалада і яго двух сыноў, гвалтоўнай жаніцьбе Владзіміра на дачцы Рогвалада Рагнедзе (у «Повести временных лет» пад 6488 (980) г.), летапісец запазычыў, відаць, гэтыя даныя з мясцовых крыніц і хацеў падкрэсліць адвечную падначаленасць Полацка Кіеву.

З цягам часу ў перыяд феадальнай раздробленасці на ідэалогіі летапісаў вызначаецца прыкметны ўплыў мясцовых інтарэсаў. У XII— ХІІІ ст.ст. раней адзіная Русь раздрабляецца, мясцовыя абласныя цэнтры ўзнімаюцца да вялікага палітычнага і культурнага значэння, і ў іх акрэсліваецца і адпаведная ідэалогія, накіраваная на абарону мясцовай самастойнасці. Летапісы ў аснове робяцца нібы працягам «Повести временных лет», але пішуцца ўжо не толькі ў Кіеве, але і ў іншых месцах - Ноўгарадзе, Галічы, Владзіміры Суздальскім, Пераяслаўлі поўднёвым. У гэтым летапісанні шмат матэрыялу прысвячаецца мясцовай гісторыі, асабліва жыццю і дзейнасці мясцовых князёў.

Аднак і ў час феадальнай раздробленасці, нягледзячы на уплыў мясцовых інтарэсаў на абласное летапісанне, у ім далёка не знікае ідэя адзінства рускай зямлі. Н. Г. Чэрнышэўскі ў сваіх заметках па рускай гісторыі пісаў: «Усведамленне нацыянальнага адзінства заўсёды мела рашучую перавагу над правінцыяльнымі імкненнямі»[1].

Абараняючы сваіх князёў, летапісцы імкнуліся паказаць іх як сапраўдных абаронцаў агульнарускіх інтарэсаў, як змагароў за агульнарускую справу. Пры гэтым яны ніколі не адрывалі мясцовыя падзеі ад падзей агульнарускіх і амаль заўсёды пачыналі сваё апавяданне з таго часу, калі феадальнай раздробленасці яшчэ не было, г. зн. з часу утва рэння Кіеўскай дзяржавы.

Для беларускіх зямель ХІІІ-ХІV ст.ст. былі часам, асабліва неспрыяльным для шырокага развіцця летапісання. Там у гэты час не было ніводнага цэнтра, які меў-бы агульнарускае значэнне, як Ноўгарад, Владзімір, Галіч, пазней Масква. Нават Полацк, вельмі ўплывовы горад у ХІ-ХІІ ст.ст., аслабеў у працэсе барацьбы з немцамі і ў выніку міжусобных войн і з ХІІІ ст. аказаўся ў залежнасці ад Смаленска. З другой палавіны ХІІ ст. узмацніліся напады літоўскіх князёў на Русь, якія прывялі затым у ХІІІ-ХІV ст.ст. да падпарадкавання беларускіх зямель літоўскаму панаванню. Усе гэтыя напады, усобіцы і войны вялі да разарэння асобных гарадскіх цэнтраў, да заняпаду культуры, што адбілася і на беларускім летапісанні, слядоў якога ад гэтага часу не захавалася. Гэтым тлумачыцца і тое, што фактычны матэрыял, які датычыць Беларусі ХІІІ-ХІV ст.ст., мае значныя прабелы[2]. Калі ў гэты час вяліся

  1. Н. Г. Чернышэўскі. Поўны збор твораў, т. 3, 1947, стар. 570.
  2. Гэты недахоп часткова кампенсуецца тым, што ў рускіх і ўкраінскіх летапісах перыяду феадальнай раздробленасці паведамляюцца некаторыя звесткі аб фактах беларускай і літоўскай гісторыі (асабліва важным з'яўляецца ў гэтых адносінах Іпацьеўскі, а таксама і Галіцка-Валынскі летапісы). У больш позніх летапісах Наўгародскіх, Пскоўскіх, Тверскім, а таксама і ў больш позніх агульнарускіх летапісных зводах ёсць некаторы матэрыял, які датычыць Беларусі. Ён ёсць і ў Густынскім летапісу, складзеным на Украіне ў ХVІІ ст. Але гэты матэрыял усё-такі недастатковы.